У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Кузьмін.
Па́вел Васі́льевіч Кузьмі́н (1899, г. Орск, Арэнбургская губерня — невядома) — наркам юстыцыі і пракурор БССР (1933—1936).
Біяграфія
У 1919 годзе — радавы Чырвонай Арміі. У 1923—1924 гадах вучыўся на Вышэйшых юрыдычных курсах у Маскве, пасля заканчэння быў накіраваны на працу сакратаром Белябееўскага райкама Арэнбургскай вобласці. У 1925-1927 гадах абіраўся членам ЦВК Башкірскай аўтаномнай рэспублікі, членам абкама партыі Башкірыі.
У 1930 годзе скончыў прававое аддзяленне Інстытута чырвонай прафесуры ў Маскве, займаўся навуковай працай. З 1933 па 1936 гады — пракурор БССР, адначасова наркам юстыцыі БССР. З 1936 па жнівень 1937 года працаваў пракурорам следчага аддзела Пракуратуры СССР. У жніўні 1937 года звольнены з органаў пракуратуры без пазначэння матываў, пасля чаго працаваў слесарам завода № 14 у Маскве. Быў выключаны з партыі ў 1937 годзе за адсутнасць барацьбы з шкоднікамі.
31 сакавіка 1938 года быў арыштаваны НКУС. На момант арышту працаваў слесарам электраарматурнага завода ў Маскве. У 1939 годзе быў асуджаны за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі і накіраваны ў папраўча-працоўны лагер. Прысуд — 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Але пасля адбыцця пакарання пастановай асобай нарады пры МУС СССР 24 мая 1947 года яго зноў за тое ж «злачынства» прысуджаюць да ссылкі ў Краснаярскі край на 5 гадоў, а затым на пасяленне. У 1950 годзе прысуд адменены і справа спынена за адсутнасцю складу злачынства. З ссылкі вызвалены ў 1954 годзе[2]. Далейшы лёс невядомы.
Рэабілітаваны Вярхоўным Судом СССР 16 красавіка 1955 года.
Зноскі
Літаратура
- Белорусская юридическая энциклопедия: В 4 т.- Т. 2. - Минск:ГИУСТ БГУ, 2009. - С.150