Мінусінская катлавіна фарміруецца з дэвонскага перыяда, калі пачалося ўстойлівае працяглае апусканне паверхні. Тады ж адбылося драбненне складкавага скальнага падмурка на асобныя блокі, што прывяло да раз'яднання асобных участкаў катлавіны. У нашы дні адгор'і хрыбтоў падзяляюць Мінусінскую катлавіну на Назараўскую, Чулыма-Енісейскую, Сыда-Ярбінскую, Паўднёва-Мінусінскую нізіны. Старажытныя пароды (пясчанікі, сланцы, вапнякі, граніты, гнейсы і інш.) пад уздзеяннем тэктонікі пліт стваралі складкавыя і глыбавыя горы, але пазней разбураліся ў працэсе эрозіі. У выніку для Мінусінскай катлавіны характэрна разнастайнасць рэльефа: раўніны, узгоркі, невялікія горы, адхоны. Над навакольнай прасторай узвышаюцца невысокія горы, складзеныя з напластаванняў дэвонскага пясчаніка чырвонага ці чырвона-карычневага колеру.
Сярэдняя тэмпература студзеня ад –16°С да –20,5°С, чэрвеня ад +18,2°С да +19,6°С. Узімку бываюць маразы да –52 °С, а ўлетку тэмпература часам падвышаецца да +45°С. Улетку і ўзімку шмат ясных дзён. Сярэднегадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 300 мм да 450 мм. Клімат лічыцца спрыяльным для вырошчавання збожжавых культур.