Музыказнаўства — навука пра музыку, галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду музычных з’яў. Аснова класіфікацыі музыказнаўства — падзел на гістарычныя і тэарэтычныя галіны адпаведна выкарыстанню гістарычнага і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў мастацкай творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае музыказнаўства вывучае гісторыю музыкі як мастацкі працэс, развіццё нацыянальных музычных культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае музычнае крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэтычнае музыказнаўства даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, музычную форму. Асобныя галіны музыказнаўства — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, музычная сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Важны этап у фарміраванні музыказнаўства як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самастойная навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, музыказнаўства склалася ў XX ст.
Расія
У Расіі музыказнаўства развівалася з канца XVII стагоддзя ў працах Іаанікія Коранева[ru] («Мусікія», 1660-я гг.) і Мікалая Дылецкага[ru] («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У XVIII ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нацыянальнай музычнай культуры. У XIX ст. ў артыкулах Уладзіміра Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рускай музычнай школы і яе адносіны да інш. нацыянальных школ. Росквіт рускага класічнага музыказнаўства звязаны з дзейнасцю А. Сярова[ru] (увёў тэрмін «музыказнаўства»), У. Стасава, Г. Лароша[ru]. Шмат прац прысвяцілі музыказнаўству кампазітары М. Глінка, П. Чайкоўскі, М. Рымскі-Корсакаў, С. Танееў і інш. У 1920-я гг. створаны спецыяльныя навуковыя ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
У 1920-я гг. фарміраваліся прапагандысцка-асветных тэндэнцыі ў музыказнаўстве ў артыкулах Ю. Дрэйзіна і інш. абагульнены некаторыя новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 годзе выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пачатку 1930-х гг. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навучальныя дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В. Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М. Мацісона, уступныя артыкулы да беларускіх опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне народнай музычнай творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я гг. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню музыказнаўства садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё беларускай прафесійнай музыкі (1925), арганізацыя сімфанічнага аркестра (1928) і опернага тэатра (1933). Характэрнымі жанрамі музычнай публіцыстыкі 1930-х гг. былі творчы партрэт і нарыс.
Да 1960-х гг. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэтычных асноў нацыянальнага мастацтва. У працах абагульняльнага характару беларускай музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нацыянальная народная музыка, музычная культура Беларусі ад сярэднявечча да XX ст., сучасная беларуская музычная творчасць і выканальніцтва, эстэтычныя праблемы нацыянальнага музычнага мастацтва і інш. Цэнтрамі навукова-даследчай думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 годзе аддзела музыкі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі.
З 1970 года выходзіць шматтомнае навуковае выданне беларускага фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х гг. распрацоўваецца праблематыка музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да XIX ст., даследуецца царкоўная музыка Беларусі (Л. Касцюкавец, B. Дадзіёмава, В. Пракапцова (Масленікава), А. Капілаў, А. Ахвердава, Т. Ліхач, У. Неўдах). Узбагацілася тэарэтычная літаратура па праблемах народнай музыкі (Г. Цітовіч, В. Ялатаў, Л. Мухарынская, З. Мажэйка, Т. Якіменка, Т. Варфаламеева), ствараецца вучэбная літаратура па беларускай музыцы і беларускай народнай творчасці для музычных навучальных устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэтычная праблематыка (А. Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімфанічнага (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэтычныя праблемы расійскай, савецкай, зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М. Шыманскі, Мдывані, Б. Златавярхоўнікаў, Н. Сцяпанская, А. Гарахавік, К. Дулава і інш.), музычнай сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Беларускія музыказнаўцы ўдзельнічаюць у музычным жыцці Беларусі, вядуць музычна-асветніцкую працу, займаюцца крыгычнай дзейнасцю, выступаюць у перыядычным друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х гг. удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Серов А. Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А. Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б. В. ]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин Н., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретнческне очеркн н этюды. М., 1970;
Музыказнаўства //Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т. А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстзоыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;