Востраў мае вулканічнае паходжанне. Выцягнуты ў форме авалу з паўночнага захада на паўднёвы ўсход. Даўжыня — каля 11 км. Шырыня — 6,4 км. Значную частку вострава займае актыўны вулкан Сарычава (1497 м). Значных наземных вадатокаў няма. Адзіная рака з пітной вадою на паўднёвым усходзе вострава. Берагі часткова пясчаныя. Дзве зручныя для марскіх суднаў бухты.
Раслінны свет не багаты. Сустракаюцца зараснікі алешыны. Жывёльны свет прадстаўлены ластаногімі і птушкамі. Наземныя звяры — лісы і шматлікія грызуны.
Каля Матуа знаходзіцца востраў Тапарковы.
Гісторыя
Першымі насельнікамі вострава былі айны, якія і далі яму назву Матуа («малыя вогненныя залівы»).
У 1875 г. далучаны да Японіі. Да пачатку XX ст. карэнных жыхароў перасялілі на востраў Шыкатан. Матуа выкарыстоўваўся японскімі рыбаловамі. У 1930—1945 гг. на ім знаходзілася буйная ваенная база.
З 1945 г. у складзе СССР як частка Расійскай федэрацыі. У савецкі час дзейнічала памежная застава. З 1998 г. востраў ненаселены. Захаваліся шматлікія рэшткі знаходжання японскіх і савецкіх ваенных, у тым ліку падземныя будынкі. Рэшткі савецкіх пасёлкаў Губанава і Сарычава.
Адным з найбольш актыўных сучасных даследчыкаў прыроды і гісторыі вострава з’яўляецца выхадзец з Беларусі Яўген Верашчага.