Маніхейства (кіт. Маніцзяа 摩尼教) — рэлігія, якая паўстала ў Сярэднявеччы, мэтай якой было аб’яднанне ўсіх сусветных рэлігій. Ідэалагічны падмурак закладзены ў III ст. старажытнаперсідскім мысляром Мані. Маніхейства вучыць, што матэрыя створаная злым богам (дэміургам), і толькі дух створаны добрым і вечным Богам. Маніхеі дзеляцца на дзве групы — свецкія людзі і манахі («абраныя»), прычым манахі займаюцца толькі духоўнай дзейнасцю і не звязаныя ані з чым матэрыяльным.
Маніхейскі святар (манах, «абраны») не ўжывае ў ежу мяса, віна, малака (гл. таксама Вегетарыянства), чытае на працягу дня вялікую колькасць малітваў. Яму варта ўхіляцца ад любой працы, акрамя звязанай з напісаннем або перакладам тэкстаў, бо ў гэтым свеце толькі словы нематэрыяльныя. Свецкія людзі не маюць асаблівых абавязкаў і ў сутнасці не ўваходзяць у царкву, але ім рэкамендуецца падтрымліваць святароў і чытаць рэлігійныя кнігі.
Гісторыя маніхейства
Першапачаткова маніхейства падтрымлівалася шахамі Персіі, але зараастрыйскія святары дамагліся рэпрэсій супраць гэтай рэлігіі і нават забойства самога Мані. Пры жыцці Мані прапаведаваў не толькі ў Персіі, але і ў Індыі, а пасля яго смерці маніхейства распаўсюдзілася таксама ў Рымскай імперыі, дзе прыхільнікам маніхейства быў некаторы час Аўгусцін. Вядомы прапаведнік гэтай рэлігіі ў Рымскай імперыі — манах-біскуп Фаўст Нумідыйскі.
Маніхейства было дзяржаўнай рэлігіяй Уйгурскага і Хакаскага каганатаў да часоў мангольскіх заваёваў, а ў пэўных частках Сібіры захоўвалася і да часоў расійскіх заваёваў. На Енісеі маніхеі мелі вялікія храмы і багатыя бібліятэкі. Усё гэта было разбурана качэўнікамі ў XII—XIII стст.
Неаманіхейства — спробы адрадзіць маніхейства ў канцы XX стагоддзя. Найболей развітая неаманіхейская група — Маніхейская Праваслаўная Царква ЗША (архібіскуп Абба Ешу Насрай). МПЦ ЗША спрабуе адаптаваць да маніхейства шэраг будыйскіх, суфійскіх і іншых дактрын, развіваючы сінкрэтычны патэнцыял вучэння Мані. Колькасць МПЦ ЗША каля 2500 чалавек, з іх 13 святароў. На тэрыторыі былога СССР маецца адзін святар МПЦ ЗША.