Курт Ёзэф Вальдхайм (ням.: Kurt Josef Waldheim; 21 снежня1918, Санкт-Андрэ-Вердэрн, Германская Аўстрыя — 14 чэрвеня2007, Вена, Аўстрыя) — аўстрыйскі дыпламат і палітык, 4-ы Генеральны сакратар ААН (1972—1981), Прэзідэнт Аўстрыі (1986—1992). Доктар юрыдычных навук (1944).
Біяграфія
Курт Вальдхайм нарадзіўся ў пасёлку Санкт-Андрэ-Вердерн, Ніжняя Аўстрыя. Яго бацька, чэх па паходжанні, насіў прозвішча Вацлавік (Waclavik), але ў год нараджэння Курта, пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі, змяніў яе на нямецкую.
Пасля заканчэння школы служыў у аўстрыйскай арміі ў 1936—1937 гадах. Пасля аншлюсу Аўстрыі ў 1938 годзе ўступіў у шэрагі Нацыянал-сацыялістычнай студэнцкай лігі Германіі (NSDStB). Праз некаторы час пайшоў добраахвотнікам у СА.
Падчас Другой сусветнай вайны служыў у вермахце, ваяваў на ўсходнім фронце. У 1941 годзе быў паранены. У сваёй аўтабіяграфіі, якая выйшла ў 1985 годзе, сцвярджаў, што пасля ранення быў вызвалены ад службы на фронце і пакінуты час вайны прысвяціў вучобе ў Венскім універсітэце. Аднак пазней знайшліся дакументы і сведчанні, якія даказваюць, што яго ваенная служба працягвалася да 1945 года. У 1945 годзе ён сапраўды атрымаў ступень доктара юрыспрудэнцыі ў Венскім універсітэце. У 1944 годзе ажаніўся.
Пасля заканчэння вайны Курт Вальдхайм паступіў на дыпламатычную службу: працаваў назіральнікам і прадстаўніком Аўстрыі ў ААН, паслом у Канадзе, міністрам замежных спраў Аўстрыі.