Ке́та (Oncorhynchus keta) — прахадная чырвоная рыба, найбольш масавы і шырока распаўсюджаны від з роду ціхаакіянскіх ласосяў. Аб’ект промыслу.
Апісанне
Даўжыня цела — да 1 м, маса — да 14 кг. Адрозніваюцца дзве сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная).
Шчэлепных тычынак 19—25, шчэлепных прамянёў 12-15. Ад іншых відаў ціхаакіянскіх ласосяў адрозніваецца вялікай колькасцю піларычных прыдаткаў (да 185).
Пашырэнне
Пашырана ў паўночнай частцы Ціхага акіяна: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амерыканскіх — ад Аляскі да Каліфорніі. У невялікай колькасці дасягае рэк басейна Паўночнага Ледавітага акіяна, ад р. Лена да р. Макензі.
Асаблівасці біялогіі
Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. Звычайна ва ўзросце 4-6 год ідзе на нераст у рэкі. У час нерасту набывае «шлюбнае» убранне, змяняецца афарбоўка цела, на спіне з’яўляецца горб, сківіцы згінаюцца, зубы моцна павялічваюцца; асабліва ярка гэтыя прыкметы праяўляюцца ў самцоў. Пасля нерасту гіне.
Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай.
Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры.