Найважнейшая асаблівасць гісторыі Кашубіі і кашубаў — супрацьстаянне ў розныя перыяды германізацыі і паланізацыі. Згадкі пра Кашубію сустракаюцца яшчэ да XII ст. Частка гэтай тэрыторыі падзяліла лёс Памор’я і кіравалася кашталянамі і рода-пляменнымі валадарамі. Вярхоўная ўлада да XIII ст. належала польскаму каралю, а пасля нямецкаму імператару, адначасова пачалася іх германізацыя. Памор’е раздрабнілася на феадальныя ўладанні, за выключэннем Гданьскага Памор’я, якое заставалася пад уладай Польшчы.
Пад 1238 годам згадваецца князь Багуслаў як «герцаг Кашубіі» (dux Cassubie); пазней прускія каралі менаваліся Herzog von Kassuben, т.б. Кашубія была герцагствам. Рэфармацыя пранікла ў заходнюю частку Памор’я яшчэ ў 1534 годзе, а ўсходняя частка заставалася пераважна каталіцкай. У 1637 годзе выгас род князёў шчэцінскіх і кароль польскі Уладзіслаў IV злучыў у сваіх руках усе кашубскай зямлі, але ўжо ў 1657 годзе саступіў частку іх у васальнае валоданне Брандэнбургу, а пры першым і другім раздзелах Рэчы Паспалітай і ўсе астатнія кашубскай землі адышлі Прусіі. Яшчэ тады, калі яны належалі Польшчы, тут адбывалася нямецкая каланізацыя, побач з якой ішла і германізацыя насельніцтва. З часу далучэння ўсіх кашубскіх зямель да Прусіі германізацыя атрымала афіцыйную санкцыю; прускі ўрад прымаў рашучыя меры супраць славянскай гаворкі, дзейнічаючы, галоўным чынам, пры дапамозе царквы (пратэстанцкай) і школы.
У 1811 годзе польская мова ў Лаўэнбургскай (Люцэнбургскай) акрузе была афіцыйна забаронена; забаронена было рыхтаваць дзяцей да канфірмацыі на польскай мове. Пазней былі зроблены спробы выгнаць славянскую мову з каталіцкай школы, з заменай на ўроках Закона Божага польскай мовы на нямецкую; падставай да гэтага паслужыла ў 1843 годзе хадайніцтва абласнога сойма ў Кёнігсбергу. Каталіцкае духавенства, баючыся, што ўслед за нямецкай мовай з’явіцца і пратэстантызм, звярнулася па дапамогу да данцыгскага пастара Мрангавіуса, які меў вялікі навуковы аўтарытэт — ён выдаў заключэнне пра тое, што кашубская мова, якая ўжываецца ў Заходняй Прусіі, ёсць толькі гаворка польскай мовы (Hochpolnisch), больш да яе блізкая, чым баварская або саксонская гаворкі да літаратурнай нямецкай мовы (Hochdeutsch). На падставе гэтага ў 1846 годзе дазволена было выкладаць Закон Божы ў кашубскіх абласцях на «роднай мове» насельніцтва, а ў 1852 годзе выйшаў міністэрскі дазвол выкладаць «родную мову, як аснову для вывучэння нямецкай» (die Muttersprache, als Grundlage zur Erlernung des deutschen).
Зноскі
↑Geograficzny atlas świata. 2 / [red. prowadz. Zofia Cukierska et al.]. Warszawa : Państ. Przedsiębiorstwo Wydaw. Kartograficznych im. Eugeniusza Romera, 1991, p. 81 (Kaszuby)