дамініканскі ўбор тэрцыярыяў, лілея, кніга, распяцце, сэрца, цярновы вянок, стыгматы, пярсцёнак, голуб, ружа, чэрап, мадэль царквы, мадэль карабля з папскім гербам
Святая Кацярына Сіенская (устар. Катарына Сіенская, італ.: Caterina da Siena; народжаная Кацярына Бенінказа, італ. Caterina Benincasa; Caterina di Giacomo di Benincasa; 25 сакавіка1347, Сіена — 29 красавіка1380, Рым) — тэрцыярка дамініканскага ордэна, італьянскі рэлігійны дзеяч і пісьменніца позняга Сярэднявечча, якая пакінула мноства лістоў і містычнае сачыненне «Трактат аб Божым Провідзе». Займалася актыўнай палітычнай і міратворчай дзейнасцю, спрыяла вяртанню пап з Авіньёнскага палону ў Італію. Вяла надзвычай аскетычны лад жыцця і мела бачанні, з якіх асабліва вядомыя містычныя заручыны і стыгматызацыя. Прылічаная да ліку святых Каталіцкай царквой, з’яўляецца адной з самых шанаваных святых жанчын у каталіцызме, прызнаная адной з трох жанчын-Настаўніц Царквы, з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.
Жыццяпіс
Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў.
Паводле ўласных словаў, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі яе за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя XI вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год.
Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Еўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве.
Гл. таксама
Святая Брыгіта Шведская — іншая прыхільніца вяртання Пап з Авіньёна
Жанна д’Арк — іншая дзяячка Сярэднявечча, якая мела бачанні звыш і паўплывала на палітыку
Ганна Іванаўна Абрыкосава — рэпрэсаваная каталіцкая манашка, заснавальніца абшчыны сясцёр Марыі Кацярыны Сіенскай.