Касцёл Святога Варфаламея (літ.: Švento apaštalo Baltramiejaus bažnyčia) у Вільнюсе — рымска-каталіцкі касцёл у імя апостала Варфаламея ў Зарэччы; пабудаваны ў XVII стагоддзі, перабудаваны ў 1824 годзе.
У Зарэччы з 1644 года існаваў манастыр рэгулярных канонікаў пакаяння (Ordo Canonicorum Regularium Mendicantium Sanctae Mariae de Metro de Poenitentia), у Польшчы вядомых пад назвай маркі (бо з 1257 года іх першапачатковай манастыром быў касцёл Святога Марка ў Кракаве), а ў Літве іх называлі белымі аўгусцінцамі, бо яны прытрымліваліся манаскага статута Аўгусціна Блажэннага і насілі вопратку белага колеру.
Пры нашэсці войскаў Аляксея Міхайлавіча ў 1655 годзе драўляныя пабудовы кляштара і храма былі спалены. У 1664 Ян Райскі узвёў каменную капліцу. У 1778 годзе яна была перабудавана па праекце Марціна Кнакфуса ў стылі класіцызму. Падчас паўстання 1794 года будынак пацярпеў і намаганнямі айца Аўгусціна Стадольніка быў адбудаваны ў 1823—1824 гадах па праекце Караля Падчашынскага, па вызначэнні Юльюша Клоса, у духу «даволі наіўнага класіцызму», а на думку Владаса Дрэмы — у эклектычным стылі. У 1881 годзе была пабудавана званіца. У такім выглядзе касцёл захаваўся да нашых дзён.
Пры касцёле быў утвораны прыход, пры ім на сродкі манахаў змяшчалася прыходская школа. У 1779 годзе ў сувязі з скасаваннем ордэна езуітаў у вядзенне манастыра белых аўгусцінаў быў перададзены касцёл Святога Казіміра (да 1814).
Агульны выгляд
Пасля паўстання 1831 года ў Літве былі зачыненыя абіцелі белых аўгусцінаў у мястэчку Южынтай (цяпер Ракішкскі раён) і ў Відэнішках пад Малятамі. Кіраўніцтва ордэна перабралася ў манастыр у Зарэччы. Аднак у 1845 годзе і гэты манастыр расійскімі ўладамі быў зачынены. Манахі былі размеркаваны па манастырах іншых ордэнаў. Апошнім парафіяльным святаром з ліку канонікаў пакаяння быў Балтрамей Паплаўскі (Baltramiejus Paplauskis). Пасля яго смерці касцёл перайшоў у вядзенне бернардынцаў з размешчанага непадалёк бернардынскага манастыра.
Пасля паўстання 1863 года ў 1864 годзе быў скасаваны і бернардынскі кляштар. Будынкі былога кляштара белых аўгусцінаў і сад былі перададзеныя ва ўласнасць прыходу Судзярвэ; касцёл быў зачынены, але дазвалялася служыць імшы прышлым сьвятарам. У 1878 годзе сюды з касцёла Святых Янаў быў перанесены абраз Дзевы Марыі з былых Трокскіх варот, які апекаваў цэхам ганчароў. На сродкі гэтага цэха і была пабудавана вежа ў 1882 годзе. З 1883 года ў храме аднавіліся рэгулярныя службы.
Перад Другой сусветнай вайной у Вільні пасяліліся манахі рэдэмптарысты і часова карысталіся касцёлам Святога Варфаламея для сваіх малебнаў. У 1949 годзе савецкімі ўладамі храм быў зачынены, а яго тры драўляныя барочныя алтары былі перамешчаныя ў касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Няменчыне; лёс двух іншых невядомы. У касцёле былі ўладкованыя майстэрні скульптараў.
У 1997 годзе касцёл быў перададзены віленскай суполцы беларусаў-каталікоў.
Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 250. (польск.)
Adomas Honoris Kirkoras. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. Vilnius: Mintis, 1991. P. 96. (літ.)