Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у г. п. Вялікая Бераставіца. Помнік архітэктуры ранняга барока.
Гісторыя
Пабудаваны каля 1615 г.па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцёльнай архітэктуры Д. Трэвана, з улікам мясцовага будаўніцтва.
З дакументаў, якія захаваліся, ні адзін не ўказвае на існаванне кармеліцкага касцёла ў Бераставіцы, і таму можна меркаваць, што ў час заснавання касцёла ролю капеланаў у ім выконвала духавенства, якое прадстаўляла ордэн кармелітаў. Але сам касцёл з моманту асвячэння вядомы як касцёл Наведвання Дзевы Марыі. У 1741 г. праведзены рамонт касцёла (фундатар — кракаўскі кашталянЮзаф Мнішак). У 1794 г. пры касцёле існаваў шпіталь, які быў пабудаваны па фундацыі Ю. Патоцкай, у другой палове XVIII — першай палове XIX ст. — дзейнічала школа. У 1855 г. праведзены рамонт. З 1866 г. праваслаўная царква. З 1920—1940 гг. мураваная трохнефная базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і дзвюма нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі.
У 1963 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі. Будынак выкарыстоўваўся для розных гаспадарчых патрэб, як склад і з часам разбурыўся. Касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння, але гэта не палепшыла яго стану.
У 1990 г. перададзены вернікам. У 1992 годзе падчас пажару згарэў дах касцёла і абрушыліся скляпенні. З таго часу знаходзіцца ў руінах.
Архітэктура
Галоўны заходні фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на тры часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Сярэдняя ўзвышаная частка ўвянчаная франтонам з авальнай нішай у цэнтры. Сцены цэнтральнага нефа расчлянёныя пілястрамі, бакавых нефаў — лапаткамі. Аконныя праёмы з лучковымі арачнымі завяршэннямі. Інтер'ер падзелены чатырма масіўнымі слупамі на тры нефы. Цэнтральны павышаны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Пры ўваходзе — хоры.
Найважнейшай рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў, які напісаў Францішак Смуглевіч (1797—1807 гг.). Пад будынкам крыпта — дзевяць памяшканняў, злучаных пераходамі.
Распрацаваны праект рэканструкцыі касцёла (архітэктары А. Бабіцын, С. Шэйко).
Літаратура
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 222-223.