Зміцер Бандарэнка |
Дата нараджэння |
28 верасня 1963(1963-09-28) (61 год) |
Месца нараджэння |
|
Грамадзянства |
|
Адукацыя |
|
Род дзейнасці |
актывіст |
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Бандарэнка.
Зміцер Бандарэнка (нар. 28 верасня 1963, Мінск) — беларускі палітычны актывіст, асуджаны на 2 гады турмы пасля падзей 19 снежня 2010 года, палітвязень Беларусі[1], вязень сумлення[2].
Біяграфія
У 1984 г. скончыў Інстытут фізічнай культуры. Працаваў трэнерам-выкладчыкам і ў незалежнай тэлестудыі «ТОП». Быў дырэктарам па маркетынгу фірмы «Дайнова»[3]. У 1995—1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101,2[4]. Быў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97» і каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Адзін з арганізатараў маршу свабоды ў Мінску ў 1999 годзе з удзелам больш за 30 тысяч чалавек, які суправаджаўся сутыкненнямі з міліцыяй і вайскоўцамі[5], і маршу свабоды ў Мінску ў 2000 годзе[6]. З'яўляецца сябрам БАЖ[7].
Арышт і зняволенне
Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. 20 снежня 2010 года Бандарэнку арыштавалі ва ўласнай кватэры і змясцілі ў СІЗА КДБ. 12 студзеня 2011 года «Amnesty International» прызнала Бандарэнку вязнем сумлення і заклікала да яго вызвалення[8].
27 красавіка 2011 г. судом Першамайскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Равінская) Бандарэнка быў асуджаны да 2 год калоніі агульнага рэжыму, па версіі следства, за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт.342 КК РБ)[9][10]. 2 лютага 2011 года Равінская была ўнесена ў Чорны спіс Еўрасаюза[11].
За кратамі Бандарэнка перанёс дзве аперацыі, у тым ліку — на пазваночніку. Пасля таго як яму далі магчымасць стаць на ногі пасля аперацыі, адміністрацыя калоніі ўзмацніла жорсткасць умоў утрымання палітвязня. Зміцеру былі забароненыя палка-мыліца, а таксама артапедычны абутак; было забаронена днём ляжаць; належала хадзіць строем; загадваліся таксама «лёгкія» віды работ, што магло вельмі шырока трактавацца. Нягледзячы на цяжкі стан здароўя, Бандарэнку адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні[12]. Знаходжанне ў такіх ўмовах магло мець сур’ёзныя наступствы для жыцця і здароўя. На фоне гэтых падзей Бандарэнка быў вымушаны падпісаць прашэнне аб памілаванні[13].
Прашэнне аб памілаванні было напісана 1 лютага 2012 года. На другі дзень пасля напісання прашэння, 2 лютага 2012 года, Бандарэнку вярнулі мыліцу, артапедычны абутак і дазволілі не хадзіць строем з хворай спінай[12].
Вызваленне
15 красавіка 2012 года палітвязня вызвалілі з калоніі № 15 у Магілёве, дзе ён адбываў пакаранне, згодна з указам прэзідэнта Беларусі аб памілаванні[14].
На волі Бандарэнка пацвердзіў, што ў СІЗА КДБ у дачыненні да яго і іншых зняволеных ужываліся катаванні, аказваўся моцны псіхалагічны ціск. Судзімасць з палітыка не была знятая, таксама было ўстаноўлена прафілактычнае назіранне[15].
Эміграцыя
Летам 2012 года Бандарэнка знаходзіўся ў Польшчы, папраўляў там сваё здароўе і збіраўся назад у Мінск. Аднак праз пераслед апазіцыі ў Беларусі, які абвастрыўся пасля плюшавага дэсанту, вырашыў не вяртацца на Радзіму[16].
Намінацыі
У пачатку верасня 2011 года Зміцер Бандарэнка быў намінаваны на Прэмію імя Сахарава «За свабоду думкі». Кандыдатуру палітвязня вылучыў на прэмію польскі дэпутат Марак Мігальскі[17].
Зноскі