Заходні фронт — аператыўна-стратэгічнае злучэнне войскаў РСЧА ў часы грамадзянскай вайны. Быў утвораны дырэктывай галоўкама Чырвонай Арміі ад 12 лютага 1919 года, каб аб’яднаць дзеянні савецкіх войскаў на заходнім ды паўночна-заходнім стратэгічных напрамках. Кіраўніцтва Заходняга фронта было ўтворана на аснове кіраўніцтва расфармаванага Паўночнага фронта. Штаб фронта ў розны час быў размешчаны ў пунктах Старая Руса, Маладзечна, Дзвінск, Смаленск, Менск.
З войскамі Заходняга фронта узаемадзейнічалі таксама караблі Балтыйскага флота (люты — снежань 1919).
Баявыя дзеянні
У момант фармавання Заходняга фронта войскі (81,5 тысяч штыхаў і шабляў) змагаліся на фронце, працяглым больш як на 2000 км, у гэтым ліку на мурманскім напрамку (супраць белагвардзейцаў ды інтэрвентаў Антанты), петразаводскім, аланецкім напрамках і Карэльскім перашыйку супраць Фінляндыі. У Балтыі і Беларусі войскі біліся з мясцовымі антысавецкімі фарміраваннямі, з германскімі, потым з польскімі войскамі.
Да ліпеня 1919 года войскі Заходняга фронта пад ударам супраціўніка адышлі з Балтыі. У Беларусі Заходні фронт спыніў наступ польскіх войскаў на Бярэзіне. У жніўні 1919 года войскі фронта месціліся на лініі Фінскі заліў — Пскоў — Полацк — рака Бярэзіна.
У чэрвені — жніўні і кастрычніку — лістападзе 1919 года 7-я і 15-я арміі падтрыманыя Балтфлотам адбілі два наступы белай армііЮдэніча на Петраград (Петраградская абарона) і ўчынілі ёй паразу, пасля чаго стала магчымым сканцэнтраваць усе высілкі Чырвонай Арміі на змаганні з войскамі Дзянікіна і Калчака.
Ліпеньская аперацыя (1920) Заходняга фронта дазволіла заняць Беларусь і частку Літвы, у жніўні 1920 года войскі Заходняга фронта падышлі да Варшавы. Аднак пераацэнка савецкім кіраўніцтвам сваёй моцы, а таксама парушэнне камунікацыі паміж Заходнім і Паўночна-Заходнім франтамі прывялі да паразы савецкіх войскаў Заходняга фронта ў Варшаўскай аперацыі 1920 ды выхаду іх з Польшчы.
Нягледзячы на разбіццё Чырвонай Арміі, Польшча выйшла з вайны, што дазволіла Чырвонай Арміі перавесці асноўныя сілы на барацьбу з войскамі Урангеля.
Заходні фронт з кіраўніцтвамі быў па сканчэнні ваенных дзеянняў метамарфазаваны ў Заходнюю Ваенную акругу 8 красавіка 1924 года.