Мяркуецца, што першай назвай паселішча была Пятроўшчына, а маёнтак зваўся Кандрацішкі. Мясцовасць уваходзіла ў склад Ашмянскага паветаВіленскага ваяводства і знаходзілася ва ўладанні Яна Зяновіча. У 1587 г. яго дзеці прадалі Кандрацішкі ашмянскаму падкаморніку Стэфану Роскаму. У той час да маёнтку належалі вёскі Шайдзюны, Высоцкія, Жамайтукі, а таксама частка пушчы, што ляжала ўздоўж дарогі з Дзевянішак у Навагрудак.
Пазнейшая назва паходзіць ад роду Жэмлла гербу Тапор, з якога Марцыян з тэнчына купіў гэты маёнтак у 1684 годзе. Пятроўшчыне з фальваркамі была надана новая афіцыйная назва Жэмласлаў. Ён складаўся з некалькіх частак, самая вялікая з якіх называлася Кандрацішкі. Юры Войцех Жэмлла менаваўся з таго часу дзедзічам Кандрацішкаў і Жэмласлава. Назва Кандрацішкі з цягам часу знікла з ужытку і засталася толькі адна, Жэмласлаў. Яго ўладальнікамі ўнаступным былі Пацы, Андрушкевічы, Шчытавы і Кеневічы.
4 студзеня1807 г. Якуб Умястоўскі набыў маёнтак у Антона Нестара Кеневіча, мазырскага земскага суддзі, распачаў тут будову палаца. Якуб пераехаў у Жамыслаўль з Клявіцы, якую разам з братам Марцінам яны купілі ў Вінцэнта Грабскага ў 1786 г. Якуб Умястоўскі любіў падабенства, таму дом стаў паменшанай копіяй Лазенкоўскага палаца ў Варшаве.
Каля 1861 г. у склад маёнтку Жамыслаўль уваходзіла 13 мясцовасцей, у тым ліку вёскі: Бялыншчына, Навасады, Раманы, Рыбакі, Шайдзюны, Шаркуці, Высоцкія, Жамайтукі.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).