Камандаванне групай армій ажыццяўляе камандуючы ў званні генерал-фельдмаршала, або генерал-палкоўніка. У якасці першага памочніка выступае начальнік штаба.
Група армій як форма аб'яднання сухапутных войскаў і як форма кіравання імі ўзнікла ў канцы 1914 — пачатку 1915 гадоў, падчас Першай сусветнай вайны, у англа-французскай і германскай арміях. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія сухапутныя войскі аб'ядноўваліся ў некалькі груп армій, у склад кожнай групы армій уваходзілі 2—4 палявыя арміі і сродкі ўзмацнення. З 1942 года ў нямецкай арміі існавалі таксама армейскія групы (ням.: Armeegruppe) — часовыя аб'яднанні звычайна з 2 армій, якія выконвалі задачы на якім-небудзь аперацыйным кірунку. Англа-амерыканскія войскі на заходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў у 1944—1945 гадах аб'ядноўваліся ў 3 групы армій, якія зваліся армейскімі групамі. У Германіі за час Другой сусветнай вайны было 20 груп армій. У паваенны час ва ўзброеных сілах ЗША і ў аб'яднаных узброеных сілах НАТА ў склад групы армій уваходзяць палявыя арміі, асобныя армейскія карпусы і інш. злучэнні сухапутных войскаў.
Напачатку XXI стагоддзя групы армій перастаюць выкарыстоўвацца, а ім на змену прыходзяць драбнейшыя ваенныя фарміраванні.
З групай армій, як правіла, узаемадзейнічае тактычнае авіяцыйнае камандаванне.