Альберціна (Albertina) — музей, размешчаны ў палацы эрцгерцага Альбрэхта ў цэнтры Вены. У ім захоўваецца адзін з найбольш буйных і значных сусветных збораў графікі (каля 65 000 малюнкаў і звыш аднаго мільёна твораў друкаванай графікі). Калекцыя ахоплівае перыяд ад позняй готыкі да сучаснасці. Назва «Альберціна» паходзіць ад імя заснавальніка — герцага Альберта Саксонскага-Тэшэнскага.
Гісторыя
Аснову калекцыі графікі заклаў герцаг Альберт у 70-х гг. XVIII у каралеўскім замку Браціславы, які служыў яму рэзідэнцыяй у якасці кіраўніка венгерскага каралеўства з 1765 па 1781 гг.
Устаноўчая грамата Альберціны датуецца 4 ліпеня1776 г. — супадзенне з датай абвяшчэння незалежнасці ЗША з'яўляецца выпадковым.
З моманту набыцця эрцгерцагам Альбрэхтам цяперашняга палаца ў 1795 г. услед за ім туды пераехала і яго мастацкая калекцыя. Будынак палаца быў перабудаваны ў адпаведнасці з новым прызначэннем. У 1822 г. збор стаў даступным для публікі. У адрозненне ад іншых калекцый, доступ да якіх мела толькі дваранскае саслоўе, адзінай умовай для ўваходу ў Альберціну з'яўлялася наяўнасць у наведвальніка ўласнага абутку. Тым самым круг наведвальнікаў Альберціны быў пашыраны, аднак па-ранейшаму недаступны для большасці насельніцтва.
Пасля смерці герцага Альберта і мастацкая калекцыя, і будынак дасталіся па спадчыне эрцгерцагу Карлу, а затым эрцгерцагу Альбрэхту Фрыдрыху Аўстрыйскаму і эрцгерцагу Фрыдрыху Аўстрыйскаму. Да гэтага часу адносіцца далейшае пашырэнне экспазіцыі.
Увесну 1919 г. будынак і калекцыя перайшлі ад Габсбургаў ва ўласнасць Аўстрыйскай рэспублікі. У 1920 г. калекцыя была аб'яднана з фондамі друкаванай графікі з былой каралеўскай прыдворнай бібліятэкі. На той момант усе экспанаты, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, былі ўжо вывезены з палаца іх былымі ўладальнікамі, хоць размяшчэнне мастацкага збору ў адпаведнасці з устаноўчай граматай было прывязана да палаца. З 1921 г. будынак і калекцыя носяць імя «Альберціна».