Нарадзілася ў Бабруйску, бацька Захар Баніфацыевіч Харунжы служыў у паліцыі памочнікам прыстава. Праз пяць гадоў бацьку звольнілі са службы, ён уладкаваўся на працу меліяратарам. Мела малодшых сясцёр і брата. Вучылася ў гімназіі. У 1919 годзе скончыла Мазырскую адзіную працоўную школу 2-й ступені. Батрачыла, потым настаўнічала на Усходнім Палессі. У Мазыры ўступіла ў Камсамол.
Паводле афіцыйнай біяграфіі, змагалася з вайсковымі фармаваннямі Станіслава Булак-Балаховіча, якія падчас Палескага паходу занялі Мазыр у лістападзе 1920 года. Аднак у сваіх успамінах Харужая апісвае толькі эвакуацыю камсамольцаў з горада[1]. Працавала загадчыцай палітычнага аддзела Мазырскага і Бабруйскага павятовых камітэтаў камсамола.
З лютага 1924 года на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі, якая паводле Рыжскага міру апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. Паводле канспірацыі працавала ў ваколіцах Беластока пад выглядам настаўніцы з імем Вераніка Карчэўская[1].
З чэрвеня 1924 года сакратарка ЦК КСМЗБ, сябра ЦК КПЗБ. У ЦК КСМ Польшчы. Выступала ў нелегальным друку, на мітынгах, пісала тэксты ўлётак і адозваў. Арганізавала выданне падпольнай газеты КСМЗБ «Малады камуніст», была першай рэдактаркай выдання. Удзельнічала ў рабоце II канферэнцыі КПЗБ у лістападзе 1924 года і ў рабоце III з’езда КПП у студзені—лютым 1925 года. Пад яе кіраўніцтвам летам 1925 года была праведзена II канферэнцыя КСМЗБ у Вільні[2].
Арыштавана 15 верасня 1925 года ў час масавай акцыі польскіх спецслужб па выкрыцці сябраў КПЗБ, у гэты час вялася падрыхтоўка Беластоцкай акруговай канферэнцыі КПЗБ. На «працэсе 31-го» ў студзені 1927 года ў Брэсце прыгаворана да 6 гадоў зняволення. На «працэсе 133-х» у красавіку—траўні 1928 года ў Беластоку прыгаворана да 8 гадоў зняволення.
З катаржнай турмы ў Фардоне каля Быгдашча вяла перапіску з паплечнікамі і сваякамі. У 1930-х гадах частка яе лістоў была сабрана ў кнігу «Лісты на волю» і выдадзена на беларускай, рускай, польскай мовах.
Менск. Савецкія рэпрэсіі
У 1932 у выніку савецка-польскага абмену 40 палітычнымі зняволенымі вярнулася ў Менск. Працавала ў замежнай частцы Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ, пісала адозвы, артыкулы і брашуры. Завяршыла пачатыя ў турме публіцыстычныя брашуры «За Чырвоны Кастрычнік на Заходняй Беларусі», «Мы — маладая гвардыя рабочых і сялян», «Увага, школьнікі» (выдадзены ў 1933 на беларускай, украінскай і польскай мовах). Працавала ў Менскай школе КПЗБ.
У час палітычных рэпрэсій у БССР сябры КПЗБ успрымаюцца як нелаяльныя і небяспечныя для савецкай улады. Вера Харужая мела дачыненне да кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху і дзеячаў Заходняй Беларусі, якія праходзілі па сфабрыкаванай органамі АДПУ справе «Беларускі нацыянальны цэнтр»[3]. У 1935 годзе Харужую прымушаюць аддаць Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР, якім яна была ўзнагароджана ў час турэмнага зняволення, ёй даюць вымову за «парушэнне дысцыпліны» ў час падпольнай работы ў Заходняй Беларусі і высылаюць у Казахстан на будаўніцтва Балхашскага горна-металургічнага камбіната. На «Булашбудзе» Вера Харужая працуе інструктаркай і загадчыцай агітацыйнага аддзела Балхашскага гаркама партыі, загадчыцай Дома партасветы, узначальвае гарадское арганізацыйнае бюро МОПРа[3].
У Казахстане Вера Харужая пабралася шлюбам другі раз, з Карнілавым Сяргеем Гаўрылавічам, у кастрычніку 1936 года ў іх нарадзілася дачка Ганна. Першым мужам Веры Харужай быў дзеяч КППСтаніслаў Адамавіч Мертэнс, які быў рэпрэсаваны і расстраляны ў 1937 годзе. 10 жніўня 1937 года Вера Харужая была арыштавана ў Казахстане па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы, этапавана ў Менск. Два гады сядзела ў Менскай унутранай турме НКУС. Вызвалена 15 жніўня 1939 года, адноўлена ў партыі.
З вясны 1942 у апараце ЦК КП(б)Б у Маскве. У верасні 1942 года пакінула дзяцей на выхаванне сястры, на чале групы з 17 чалавек накіравана ў Віцебск для арганізацыі ўмацавання Віцебскага савецкага падполля. 13 лістапада 1942 года разам з Соф’яй Панковай арыштавана нямецкай адміністрацыяй, абедзве расстраляны[3].
Бібліяграфія
Письма на волю. Москва, 1931 (пад псеўданімам Польская комсомолка)
Лісты на волю. Менск, 1932 (пад псеўданімам Польская камсамолка, пераклад І. Дуброўскага)
Мы — маладая гвардыя рабочых і сялян. Вільня, 1933 (пад псеўданімам Ал. Шыпшына)
Увага, школьнікі! Беласток, 1933 (пад псеўданімам Антолька)
O Czerwony Październik na Białorusi Zachodniej: W szesnastą rocznice Wielkiej Rewolucji Październikowej. Wilno, 1933 (пад псеўданімам Al. Szypszyna)
Listy z więzienia. Mińsk, 1934 (пад псеўданімам Komsomołka polska)
Пасмяротныя выданні
Письма на волю. М., 1962
Славная дочь белорусского народа: Письма, статьи В.Хоружей и воспоминания о ней. 2 изд. Мн., 1962
Статьи и письма о комсомоле. 2 изд. Мн., 1975
Памяць
У 1960 годзе Харужая была пасмяротна ўзнагароджаная тытулам Героя Савецкага Саюза. У той жа год у гонар Харужай была перайменаваная вуліца Зялёнае Кола ў Мінску. У многіх гарадах Беларусі ў гонар Веры Харужай названы вуліцы.
Харужая Вера // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 170—174. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.