У 1962 годзе прыбудаваны новы корпус па вуліцы Кірава (архітэктар Э. Левіна), у якім размешчаны спартыўная і актавая залы, памяшканні для гуртковай работы.
Будаўніцтва палаца ў кастрычніку 1935
Завяршэнне будаўніцтва ў ліпені 1936
1936
1938
У 2009—2015 гадах была праведзена рэканструкцыя будынка. У час рэканструкцыі побач з асноўным будынкам па лініі фасада ўзвялі чатырохпавярховую прыбудову (вул. Энгельса, 26 к 10), дзе размясціліся бутафорскі, сталярны, слясарны цэхі, швейныя майстэрскія, а таксама рабочыя кабінеты супрацоўнікаў і частка грымёрных пакояў. Ідэя была падказана пасляваенным праектам аднаўлення Палаца піянераў архітэктараў Воінава і Усавай, які прадугледжваў ўзвядзенне новага корпуса ўшчыльную да існага будынка, але не быў рэалізаваны[2].
Адрэстаўраваны барэльефы на фасадах і ў інтэр’ерах, роспіс столі на тэму дружбы народаў у вялікім фае (ёлачнай зале)[2].
Архітэктура
Трохпавярховы будынак Палаца складаецца з двух прылеглых адзін да аднаго аб’ёмаў — відовішчнай і гурткова-клубнай груп памяшканняў, аб’яднаных вестыбюлем. Фасады апрацаваны пад шэры граніт, расчлянёныпілястрамі. У малюнак іх капітэляў была ўведзена піянерская сімволіка (афармленне зменена пры рэканструкцыі). Манументальны шасцікалонны порцік падкрэслівае галоўны ўваход. Закруглены і выступаючы вугал з вестыбюлем клубнай часткі завяршае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка.
На першым паверсе Палаца размясцілася ігратэка, гурток мяккай цацкі, класы харэаграфіі, скульптурны і харавы, бібліятэка, на другім — выставачная зала, музей гісторыі піянерскай арганізацыі, тэатр лялек, метадычны кабінет, гурток вязання і вышывання. Трэці паверх займаюць харэаграфічная зала, аркестровыя, адміністрацыйныя службы. Харэаграфічную залу ўпрыгожвае маляўнічы плафон на тэму «Дружба народаў» (1964 г., мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч; тэмпера). Паўсферычнае скляпенне, у ветразі якога ўпісаны 8 кампазіцый, адгароджана намаляванай балюстрадай. Гэты прыём звязвае ілюзорную прастору з рэальнай, стварае ўражанне глыбіні прасторы, «прарыву» скляпення. Каларыт роспісу цёплы з перавагай жоўтых, чырвоных, зялёных і блакітных таноў.