Будацінскі замак (славацк.: Budatínsky hrad) — замак у паўночна-заходняй Славакіі каля горада Жыліна, дзе рака Кісуца ўліваецца ў раку Ваг.
Гісторыя
Замак быў збудаваны ў якасці абарончага ўмацавання ў другой палове XIII стагоддзя на зліцці рэк Кісуца і Ваг. На пачатку XIV стагоддзя перайшоў ва ўладанне Матуша Чака.
З 1487 года новым уладальнікам замка стаў Гашпар Сунаг, сям’я якога валодала ім да канца XVIII ст. У 1551 годзе замак перабудаваны ў рэнесансавым стылі. Турэцкая пагроза з поўдня і ўзрастаючыя паўстанні на пачатку XVII ст. вымусілі сям’ю Сунагаў умацаваць замак новым мурам з бастыёнамі. У 1745 годзе была пабудавана барочная капліца і закладзены парк. Пасля таго, як род Сунагаў абарваўся, да 1945 года новымі ўладальнікамі замка сталі Чакі. Падчас рэвалюцыі 1848—1849 гадоў у Венгрыі імперскія войскі моцна пашкодзілі замак, які быў адноўлены ў 1870 годзе і служыў у якасці баракаў. У 1872 годзе тэрыторыя навакольнага парку была паменшана ў выніку будаўніцтва чыгункі ад Кошыцэ да Богуміна. Апошняя буйная рэканструкцыя адбылася ў 1922—1923 гг. У цяперашні час замак змяшчае тры музейныя выставы.