Рэканструкцыя завяршылася зімой 2001 года. Працуюць тры залы — Вялікая, Малая і VIP, лічбавае абсталяванне, дэманстрацыя фільмаў у фармаце 3D. «Вялікая» зала разлічаны на 496 месцаў, у тым ліку 88 месцаў — канапы, 156 VIP-месцы. «Малая» зала падтрымлівае фармат 3D, разлічана на 232 пасадачныя месцы, у тым ліку 28 месцаў — канапы, 104 VIP-месцы, 100-стандартныя. У чэрвені 2017 года ўстаноўлены новыя крэслы і канапы. «VIP»-зала падтрымлівае фармат 3D, мае 20 месцаў-канапаў.
Архітэктура
Трохпавярховы будынак кінатэатра ўваходзіць у ансамбль новай забудовы вул. Савецкай. У аснову яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пакладзены ўцалелы васьмігранны будынак харальнай сінагогі 19 ст., вакол якога ўзведзены сцены з высокімі зашклёнымі плоскасцямі (акрамя дваровай часткі, дзе зроблены падбудовы). Па 1-м паверсе касавы вестыбюль свабодна пераходзіць у фае малой залы на 400 месцаў. Тут жа 2 лесвіцы, якія вядуць па 2-і паверх у фае вялікай залы на 900 месцаў. На 3-м паверсе — тэхнічныя памяшканні, кінапраекцыйны комплекс. Пры будаўніцтве кінатэатра выкарыстаны прагрэсіўныя канструкцыі і новыя матэрыялы — ажурныя жалезабетонныя рамы, веерападобныя бэлькі перакрыцця, ганчарныя трубкі. У фае — панельная сістэма ацяплення, у залах — кандыцыянеры.
Для ўнутранай аддзелкі выкарыстаны граніт і мармур. У фае 2 га паверха, на тарцовай сцяне, якая абмяжоўвае прастору фае справа, дэкаратыўная кампазіцыя «Беларусь» у тэхніцы сграфіта (мастак I. Крупскі). У цзнтры кампазіцыі жаночая фігура ў акружэнні алегарычных выяў, якія адлюстроўваюць мінулае, сучаснае і будучае краю. Пано вытрымана ў блакітна-шэрай гаме. У 2 паўцыркульных нішах фае каляровыя вітражы (мастакі М. Клімаў і У. Нікалаеў)[1].