Арэ́хаўскае возера — возера ў Беларусі, якое размешчана ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на паўднёвы-захад ад горада Маларыта.
Плошча паверхні 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².
Катлавіна плоская, сподкападобная, тыпу азёр-разліваў, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Берагавая лінія (даўжыня 10,6 км) слабазвілістая. Берагі нізкія, забалочаныя, на поўначы і паўночным захадзе сплавінныя. На усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй да 3—4 м. Прыбярэжная частка падводнай катлавіны выслана заіленым пяском, астатняя — груба- і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходніх і паўночна-заходніх берагоў развіваецца сплавіна. Мінералізацыя вады да 100 мг/л. Возера дыстрофнага тыпу, слабапраточнае. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.
Водзяцца лінь, карась, шчупак, язь, плотка.
Вадазбор нізінны, з дзюннымі градамі і марэннымі ўзгоркамі, пераважна разараны. На паўднёва-ўсходнім беразе возера вёска Арэхава (Маларыцкі раён).
Літаратура
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.