Востраў Амстэрдам знаходзіцца ў 4292 км на паўднёвы ўсход ад Афрыкі, у 3364 км на паўднёвы захад ад Аўстраліі, у 3280 км на поўнач ад Антарктыды, у 5101 км на поўдзень ад Азіі, у 1390 км на паўночны ўсход ад архіпелагаКергелен. Складае адзіны архіпелаг разам з востравам Сен-Поль, што размяшчаецца ў 92 км на поўдзень.
Форма вострава Амстэрдам нагадвае авал, выцягнуты з поўначы на поўдзень. Даўжыня - 9,45 км. Найбольшая шырыня - 4,49 км. Мае вулканічнае паходжанне. Вулкан застаецца актыўным. Апошняе вывяржэнне зафіксавана ў 1792 г.[3] Рэльеф паверхні гарысты, складзены базальтамі. Найвышэйшыя пункты — горы Мон-дэ-ла-Дзіў (881 м) і Гран-Марміт (742 м).
Клімат марскі вільготны[4]. Надвор’е ў значнай ступені вызначаецца прахалоднымі вятрамі з поўдню і цёплымі субтрапічнымі акіянічнымі плынямі з поўначы. Сярэднегадавая тэмпература складае +13,8 °C. Найбольш цёплы месяц — люты, калі сярэдняя тэмпература трымаецца каля +17 °C. У жніўні яна паніжаецца да +11,1 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1119 мм.
Прырода
Флора і фаўна вострава Амстэрдам сфарміраваліся ў выніку яго ізаляцыі ад кантынентаў і адметнага кліматычнага становішча на шляху прахалодных субантарктычных вятроў і цёплых субтрапічных плыняў.
Вядомы толькі 1 мясцовы від дрэваPhylica nitida з маленькім вузкім лісцем і духмянымі жоўтымі кветкамі. Яно дасягае 6 - 7 м у вышыню. Бліжэйшае месца, дзе сустракаецца гэта дрэва — астравы Трыстан-да-Кунья і Гоф у Атлантыцы. У апісанні 1796 г. Phylica nitida ўтварала суцэльны лес, які апяразваў прыбярэжныя схілы да 250 м у вышыню і пакрываў амаль траціну ўсёй паверхні сушы. У наш час зараснікі дрэва складаюць толькі 8 га[5]. Таксама сустракаюцца разнастайныя травы і папараці.
Жывёльны свет бедны. У мінулым на востраве налічвалася 22 віды марскіх птушак, у нашы дні — толькі 11. На ўзбярэжжы размножваюцца і бавяць час марскія сланы і цюлені. У пачатку XX ст. у выніку дзейнасці чалавека гэтыя жывёлы апынуліся на мяжы вымірання, аднак захаваліся дзякуючы праграме выратавання. У 1871 г. на востраў Амстэрдам было ўвезена 5 кароў. Іх статак паступова павялічыўся да 200 галоў і існаваў 139 гадоў амаль без умяшання чалавека. Акрамя таго, дзякуючы чалавеку на востраве апынуліся козы, свінні, пацукі і мышы. З 1987 г. дзейнічае праграма ачышчэння Амстэрдама ад інтрадуцыраваных відаў. У 2010 г. пасля доўгіх дыскусій былі вывезены здзічэлыя каровы.
У XVIII - XIX стст. востраў Амстэрдам наведваўся пераважна рыбакамі і кітабоямі, якія палявалі на ластаногіх і ў значнай ступені спрыялі парушэнню экалагічнай раўнавагі. У 1843 г. на Амстэрдаме высаджваўся губернатар Рэюньёна. У 1870 - 1871 гг. адбылася першая няўдалая спроба каланізацыі селянінам з гэтай французскай тэрыторыі. Аднак свойская жывёла, застаўленая каланістамі, захавалася і хутка распладзілася. У 1893 г. востраў быў фармальна абвешчаны валоданнем Францыі.
У 1949 г. група французскіх вучоных заснавала на Амстэрдаме навуковую базу, якая ў далейшым стала важным цэнтрам вывучэння надвор'я, сусветнага клімата і міграцый птушак на поўдні Індыйскага акіяна.