3 1962 года ў Інстытуце мовазнаўства (з 1969 загадчык аддзела, з 1983 намеснік дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай АН Беларусі.
У навуцы
Займаўся праблемамі сучаснай беларускай мовы і сацыялінгвістыкі, у раздзелах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі. Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 16 манаграфій.
У 1990-я гады быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Пад яго кіраўніцтвам былі складзеныя «Высновы» камісіі з апісаннем асноўных падыходаў да змянення існуючых правапісных норм, і праект новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (праект асвятляўся ў друку каля 2000—2002, але не ажыццяўляўся).
Быў старшынём Навуковай рады «Беларуская мова і шляхі яе развіцця», членам рабочай групы і кіраўніком беларускай нацыянальнай групы Міжнароднай камісіі па «Агульнаславянскім мовазнаўчым атласе», членам Камісіі па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, членам рэдакцыі бюлетэню «Беларуская лінгвістыка», старшынём Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.
Падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук, і сярод яго вучняў — некалькі дактароў навук. З 1989 года галоўны рэдактар часопіса «Беларуская лінгвістыка»[1].
Ацэнкі
Лічыцца заснавальнікам беларускай фанетычнай школы[3].
На пасадах намесніка дырэктара па навуковай рабоце і дырэктара Інстытуту мовазнаўства на працягу 20 гадоў фактычна ажыццяўляў каардынацыю ўсёй лінгвістычнай навукі ў Беларусі, а на пасадзе сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі вызначаў напрамкі даследаванняў у галіне ўсёй гуманітарнай навукі ў краіне[3].
Сваім удзелам у фундаментальных працах па нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» і «Беларуская граматыка», дапамог «стрымаць дэструктыўныя тэндэнцыі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы ў канцы XX ст. і захаваць адносную стабільнасць норм беларускай літаратурнай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве»[3].
Працы
«Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), манаграфія, у якой упершыню даследаваны фанемны склад беларускай мовы і разгледжаны механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэта даследаванне з’явілася тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы[3].
«Гукі беларускай мовы» (1973; супольна з В. М. Чэкманам), праца, у якой разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы, і такое апісанне ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ажыццёўлена на эксперыментальным матэрыяле. Праца дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і да нашага часу з’яўляецца базай усёй навучальнай літаратуры па фанетыцы і фаналогіі беларускай мовы[3].
«Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), манаграфія.
«Фанетычная сістэма беларускай мовы» (1981), доктарская дысертацыя, у якой упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры.
«Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), манаграфія.
«Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), манаграфія.
«Пытанні тэорыі і практыкі беларускай навуковай тэрміналогіі» (1999), манаграфія.
Калектыўныя працы
Нарматыўная «Беларуская граматыка» (частка 1, 1985), аўтар, супольна з акадэмікам М. В. Бірылам, раздзелаў «Фаналогія» і «Арфаэпія».
Нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» (1987), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі. Рэестр слоўніка пакладзены ў аснову акадэмічнага Слоўніка беларускай мовы (2012).
Энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі.
Падлужны Аляксандр Іосіфавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 548. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Лукашанец А. А. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай акадэміі Беларусі. Нумар 3, 2005. — С. 120—122. У Сеціве, У Сеціве (копія).