Аль-А́ндалус (араб.الأندلس) — назва, пад якой была вядомая Мусульманская Іспанія — тэрыторыя Пірэнейскага паўвострава ў часы мусульманскага валадарства ў Сярэднявеччы (711—1492). Часам ужывалася як агульнае абазначэнне ўсіх дзяржаў рэгіёна, незалежна ад іх рэлігійна-палітычнай прыналежнасці. Этымалагічна не зусім надзейна звязваецца з імем народа вандалаў, якія некалі пражывалі на гэтай тэрыторыі; ад яго паходзіць іспанская назва Андалусія, якая замацавалася за землямі Паўднёвай Іспаніі, якія складалі ядро найбуйнейшых мусульманскіх дзяржаў паўвострава. Апошняй мусульманскай дзяржавай на тэрыторыі Іспаніі быў Гранадскі эмірат, заваяваны хрысціянамі ў 1492 годзе. У XV стагоддзі Рэканкіста была завершана і хрысціяне пачалі ўварванне на мусульманскія тэрыторыі Паўночнай Афрыкі, а таксама пошукі новых земляў для заваявання за Акіянам.
Гісторыя
Пасля ўварвання арабаў і бербераў і падзення каралеўства вестготаў (711), Аль-Андалус складаў частку Амеядскога халіфата, а затым утварыў самастойны Кордаўскі эмірат, які пасля стаў халіфатам, з цэнтрам у Кордаве. У 1031 годзе халіфат распаўся на мноства дробных дзяржаў (тайфа). З уздымам хрысціянскіх каралеўстваў на поўначы паўвострава назва Аль-Андалус усё часцей ужывалася да кантралюемай мусульманамі тэрыторыі, якая няспынна змяншалася. Пры гэтым мусульмане складалі не больш за траціну насельніцтва мусульманскай Іспаніі, у якой пражывала значная колькасць хрысціян і яўрэяў. Узяцце Гранады войскамі Каталіцкіх каралёў (1492) ліквідавала апошнюю ісламскую дзяржаву на паўвостраве. Значнае мусульманскае насельніцтва падверглася (галоўным чынам, гвалтоўнаму) хрышчэнню (марыскі). Напачатку XVII стагоддзя нашчадкі хрышчоных арабаў і маўраў падвергліся пагалоўнаму выгнанню з краіны разам з рэшткамі нехрышчоных.
Этнасацыяльныя групы насельніцтва Пірэнейскага паўвострава ў мусульманскай Іспаніі
Маўры — уласна паўночнаафрыканскія мусульмане: арабы (30 — 40 % насельніцтвы), якія складалі прывілеяваную эліту халіфата, і берберы (5 — 10 % насельніцтвы), наёмныя воіны і чыноўнікі мусульманскага дзяржаўнага апарата, якія размаўлялі на берберскай мове, выкарыстоўваючы арабскую ў афіцыйных выпадках.
Мувалады — хрысціяне раманскага паходжання, якія прынялі іслам і практычна цалкам зліліся з мусульманамі (5 %).
Мудэхары — рамеснікі і земляробы мусульмане, якія засталіся ў захопленых хрысціянамі землях.
Рэнегаты — былыя хрысціяне, якія нядаўна прынялі іслам і ваявалі на баку мусульман.
Марыскі — сяляне і рамеснікі з мусульман, добраахвотна ці гвалтоўна звернутыя ў хрысціянства ў кантралюемых хрысціянамі землях.