Ісабаль (ісп.: Lago de Izabal) — возера ва ўсходняй Гватэмале.
Плошча 589,6 км². Найбуйнейшае возера Гватэмалы. Глыбіня да 18 м. Размешчана ў нізіне паміж гарамі Санта-Крус на паўночным захадзе, горамі Мінас і Ісідра на поўдні. У возера ўпадае рака Палачык, сцёк праз раку Рыа-Дульсэ і невялікае возера Эль-Гальфетэ (ісп.: El Golfete) у Гандураскі заліў (Карыбскае мора).
У возеры і па яго берагах жывуць ламанціны, равуны, розныя віды птушак.
Адна з захаваных рукапісных кніг мая ўтрымлівае інфармацыю, што разбураная ў выніку землетрасення старажытная сталіца мая Атылан знаходзіцца на дне возера Ісабаль[1].
У месца выхаду ракі Рыа-Дульсэ з возера захаваліся рэшткі замка Сан-Феліпэ (ісп.: Castillo de San Felipe), пабудаванага ў каланіяльны перыяд для абароны ад нападаў піратаў. У той час на возеры вёўся гандаль прадукцыяй, якая выраблялася ва ўнутраных раёнах краіны. Захаваліся таксама рэшткі патанулых караблёў. Цяпер недалёка ад возера здабываюць нікелевую руду.