Іван Міхайлавіч Сухамлі́н (24 чэрвеня 1923 — 29 студзеня 2002) — ваенны дзеяч, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза (1944).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сяле Васылэнкавэ Харкаўскай вобласці. Скончыў няпоўную сярэднюю школу і сельскагаспадарчы тэхнікум у Бярдзянску[2]. У Чырвонай Арміі з 1941 года[2]. Вучыўся на радыётэхнічных курсах. У 1942[2] годзе скончыў танкавае вучылішча ў Камышыне. На франтах Вялікай Айчыннай вайны са студзеня 1943 года, камандзір танкавага ўзвода 68-й танкавай брыгады. Прымаў удзел у баях на Бранскім і Цэнтральным франтах, быў паранены. Пасля лячэння ў шпіталі быў накіраваны ў 17-ю танкавую брыгаду 1-га гвардзейскага Данскога танкавага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі.
Танкавая рота пад камандаваннем гвардыі лейтэнанта І. М. Сухамліна асабліва вызначылася ў ходзе баёў каля горада Слонім 8—9 ліпеня 1944 года. 8 ліпеня рота вызваліла чыгуначную станцыю Міцкевічы, перарэзала чыгунку Баранавічы — Ліда і ўтрымлівала яе да падыходу асноўных сіл корпуса. 9 ліпеня І. М. Сухамлін з двума танкамі прарваўся да ракі Шчара і ў ліку першых увайшоў у горад Слонім. У гэтым баі экіпаж танка І. Сухамліна знішчыў 2 самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, мінамётную батарэю і каля 30 ворагаў. Сам камандзір быў паранены, але не пакінуў бою і накіраваў свой падпалены танк на варожую самаходную ўстаноўку[2].
У 1951 годзе І. М. Сухамлін скончыў Ваенную акадэмію бранятанкавых і механізаваных войскаў, у 1955 годзе — Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ. У 1961 годзе паступіў у ад’юнктуры бранятанкавай акадэміі, у 1963 (1964) годзе абараніў дысертацыю на званне кандыдата ваенных навук і застаўся на выкладчыцкай рабоце ў акадэміі[2]. У 1965—1967 гадах знаходзіўся ў камандзіроўцы на Кубе. Пасля гэтага займаўся выкладчыцкай працай, займаў пасады старшага выкладчыка, начальніка афіцэрскіх курсаў. З 1975 года займаў пасаду начальніка факультэта Ваеннага інстытута. У 1978) годзе І. М. Сухамліну прысвоена воінскае званне генерал-маёр.
З 1985 года генерал-маёр Сухамлін у запасе. Жыў у Маскве. Памёр 29 студзеня 2002 года. Пахаваны на Перапечынскіх могілках[2].
Навуковая і грамадская дзейнасць
Аўтар 180 навуковых прац. Акадэмік Акадэміі ваенных навук[2]. Знаходзячыся ў адстаўцы, І. М. Сухамлін займаўся грамадскай работай. Быў членам бюро і праўлення Маскоўскага клуба Герояў Савецкага Саюза і Расіі, узначальваў яго арганізацыю ў Паўночнай адміністрацыйнай акрузе Масквы[2].
Узнагароды і званні
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі