У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Скварцоў.
Іван Мікалаевіч Скварцоў (руск.: Иван Николаевич Скворцов; 1817 — 8 (20) красавіка 1882) — расійскі дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
Выхадзец з дваран Санкт-Пецярбургскай губерні, праваслаўнага веравызнання. Выхоўваўся ў Пажаскім корпусе.
Служба
У 1835 годзе паступіў на службу ў званні прапаршчыка ў лейб-гвардыі Сямёнаўскі полк.
18 (30) жніўня 1837 атрымаў званне падпаручніка, у 1840 годзе — паручніка.
16 (28) кастрычніка 1843 узведзены ў штабс-капітаны, 23 сакавіка (4 красавіка) 1848 — у капітаны.
19 (31) сакавіка 1848 загадам па Корпусе жандараў прызначаны штаб-афіцэрам у Херсонскую губерню, але 23 сакавіка (4 красавіка) 1848 перамешчаны штаб-афіцэрам у Падольскую губерню.
1 (13) кастрычніка 1851 прызначаны штаб-афіцэрам у Ковенскую губерню.
У 1853 годзе ўзведзены ў палкоўнікі.
14 (26) красавіка 1863 за выдатную службу ўзнагароджаны дыяментавым пярсцёнкам з вензелем імператара.
3 (15) чэрвеня 1863 прызначаны выканаўцам пасады начальніка 4-й (Віленскай) акругі жандараў.
8 (20) чэрвеня 1863 за выдатную службу ўзведзены ў генерал-маёры.
Указам Аляксандра II ад 21 ліпеня (2 жніўня) 1863 быў прызначаны ваенным губернатарам горада Гродна і гродзенскім грамадзянскім губернатарам. У перыяд здушэння паўстання 1863—1864 гадоў дзейнічаў паводле ідэйных установак М. М. Мураўёва. 7 (19) верасня 1863 былі разбіты рэшткі атрада У. Урублеўскага, які прабіраўся ў Каралеўства Польскае.
Гродзенскі шляхціч Ян Біспінг, чый брат быў бязвінна асуджаны за ўдзел у паўстанні, даваў такую характарыстыку новага губернатара ў сваім рукапісе:
|
У Гродне як крыважэрны сатрап панаваў генерал Скварцоў, тым больш небяспечны, што гэта быў чалавек непаліткарэктны, адміністрацыйнага таленту, былы жандар, нарэшце, чыноўнік, які ўмеў працаваць без перадыху. Усё павінна было прайсці праз яго рукі, і нішто не праходзіла па-за яго ўвагай. Ён ахвотна схіляўся над ахвярамі і меў найвялікшае задавальненне аб’яўляць на публіцы асабіста: «Што, пані, вашага мужа павесяць ці бацьку сашлюць на цяжкія працы». Часам ён нават перабольшваў суровасць пакарання, каб нацешыцца відам слёз і болю ў нявінных ахвяр.
|
|
Па справе графа Старжынскага, які падаў у чэрвені 1863 года запіску па сялянскай справе, звольніў усіх датычных міравых пасроднікаў польскага паходжання і замяніў іх асобамі рускага паходжання, а асоб, што дапусцілі ў сваіх прашэннях недарэчныя ці абразлівыя для ўрада выразы, аддаў пад суд. Для праверкі дзеянняў міравых пасроднікаў першага прызыву, якія складалі статутныя граматы, занадта выгодныя для памешчыкаў і невыгодныя для сялян, былі прызначаны паверкавыя камісіі. Дзякуючы губернатару апошнія скончылі сваю дзейнасць на працягу двух гадоў: былі разгледжаны ўсе выкупныя акты і падставы, якія паслужылі для іх складання; звернута таксама ўвага на сялянскае самакіраванне.
У 1864 годзе Скварцоў спрыяў будаўніцтву мураванай агароджы вакол праваслаўных могілак у Гродна.
У 1864—1868 гадах займаўся праблемай жыхароў Рыбацкай слабодкі і Шпітальнага завулка Гродна, якія цярпелі ад паводак: былі пабудаваны два абвадныя каналы, каб пазбегнуць падмыву вадой Замкавай гары, верх якой павінны былі ўмацаваць пасадкамі вярбы і акацыі. Шпітальны завулак быў перапланаваны, выбрукаваны каменем, прамыіны засыпаны.
18 (30) верасня 1865 генерал-губернатар фон Каўфман прапанаваў Скварцову закрыць гродзенскі дамініканскі касцёл, а будынак яго перабудаваць у праваслаўную царкву пры Гродзенскай гімназіі. 22 кастрычніка (3 лістапада) 1865 касцёл быў закрыты, а яго маёмасць прынята гродзенскім дэканам і архідыяканам Гінтаўтам.
«Строга рускі чалавек» (паводле слоў гісторыка М. Каяловіча) звярнуў увагу на Барысаглебскую царкву, якая разбуралася, прыцягнуў да справы яе аднаўлення інжынераў 9-й інжынернай акругі.
У кабінеце губернатара вісела гравюра Маціяса Цюнта, на якой былі намаляваны праваслаўныя храмы.
З’яўляўся ганаровым грамадзянінам Гродна (1865).
Царскім указам ад 13 (25) студзеня 1868 па ўласным прашэнні звольнены з пасады з залічэннем у запасныя войскі.
У 1874 годзе ў званні генерал-лейтэнанта знаходзіўся пры Галоўным штабе.
Узнагароды
Сям’я
Жонка: Соф’я Рубенау, дачка стацкага саветніка.
Дзеці:
- Вольга (1847) — жонка сувалкаўскага віцэ-губернатара. У 1899 годзе перапісвала дзённік бацькі для публікацыі ў часопісе «Русская старина». У лісце І. П. Карнілаву[1] яна намякала на нейкія праследаванні бацькі А. Л. Патапавым[2], даносы і паклёпы[3].
- Марыя (1849)
- Надзея (1852)
- Наталля (1855)
- Любоў (1859)
- Іван (1862)
Зноскі
- ↑ Карнілаў І. П. — верагодна, супрацоўнік часопіса «Русская старина»
- ↑ Патапаў А. Л. — у 1864—1865 гадах быў памочнікам па Грамадзянскай частцы віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва
- ↑ Российский государственный исторический архив, ф. 970, оп. 1, д. 672, л. 3-3об
Літаратура
- Российский государственный исторический архив, ф. 970, оп. 1, д. 672, л. 3-3об