У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Ільюшын.
Іва́н Мака́равіч Ілью́шын (18 чэрвеня (1 ліпеня) 1903, в. Прокшанічы Магілёўскага павета (цяпер Магілёўскі раён) — 5 кастрычніка 1997, Мінск) — беларускі філосаф і савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр асветы БССР (1951—1961). Член-карэспандэнт АН БССР (1950).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля рэвалюцыі вучыўся ў школе 1 ступені, скончыў педагагічны тэхнікум, а пасля службы ў Чырвонай Арміі атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна.
У 1932—1937 гадах — старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар Інстытута філасофіі (з 1935 — Інстытут філасофіі, савецкага будаўніцтва і права) АН БССР, адначасова выкладаў у ВНУ Мінска.
У 1937—1941 гадах — загадчык кафедры Беларускага інстытута фізічнай культуры і загадчык кафедры БДУ.
У 1941—1943 гадах — дацэнт, загадчык кафедры Ташкенцкага фінансава-эканамічнага інстытута, адначасова загадчык аддзела бухарскага абкама КП Узбекістана.
У 1943—1944 гадах — намеснік загадчыка аддзела ЦК КПБ, у 1944—1946 — галоўны рэдактар часопіса «Бальшавік Беларусі».
У 1944—1947 гадах — намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР.
У 1947—1951 гадах — дырэктар адроджанага Інстытута філасофіі і права АН БССР, галоўны вучоны сакратар Прэзідыума АН БССР, у 1950 абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.
У 1951—1961 гадах займаў пасаду міністра асветы БССР.
У 1962—1975 гадах — загадчык кафедры Мінскага радыётэхнічнага інстытута.
Член ЦК КПБ (1952—1961). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947—1963). Доўгі час з’яўляўся старшынёй Беларускага аддзялення Савецкага таварыства дружбы з ГДР.
Узнагароды
І. М. Ільюшын узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі СССР, ганаровымі граматамі і граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Урад ГДР узнагародзіў яго медалём «За заслугі перад ГДР».
Творы
Аўтар каля 50 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій.
- Аб пралетарскім інтэрнацыяналізме ў нацыянальна-каланіяльным пытанні. Мн., 1935 (сум. з С. Я. Вольфсоном).
- Аб некаторых пытаннях гісторыі грамадскай думкі Беларусі // Бальшавік Беларусі, 1948, № 6.
- Народное образование в Белорусской ССР. Народное образование в Белорусской ССР. — Минск : Учпедгиз БССР, 1961. — 438 с. (сум. з С. А. Умрейко).
Літаратура
Спасылкі