У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Люднікаў.
Іван Ільіч Люднікаў (13(26).09.1902 — 22 красавіка 1976) — савецкі военачальнік, Герой Савецкага Саюза (1943), генерал-палкоўнік (1945). Удзельнік вызвалення Віцебска ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ганаровы грамадзянін Цярнопаля (1969) і Віцебска (1974).
Біяграфія
Нарадзіўся ў пасёлку Крывая Каса (цяпер Сядова, Наваазоўскі раён, Данецкая вобласць). Працаваў на шахтах Данецка і Макееўкі. У Чырвонай гвардыі з 1917 года, у Чырвонай арміі з 1918 года. З 1925 г. — камандзір узвода і роты ў 13-й Дагестанскай стралковай дывізіі, затым — курсавы камандзір і начальнік штаба батальёна ва Уладзікаўказскай пяхотнай школе. У 1925 годзе скончыў Адэскае пяхотнае вучылішча, у 1938 годзе — Ваенную акадэмію імя Фрунзэ. У 1939—1941 гадах выконваў абавязкі начальніка Жытомірскага пяхотнага вучылішча. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на Паўднёва-Заходнім фронце, затым ваяваў на Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтральным, 1-м Украінскім, 3-м Беларускім франтах.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны быў камендантам Порт-Артура, камандуючым групоўкі савецкіх войскаў у Кітаі на Ляадунскім паўвостраве да 1947 года. Займаў пасаду намесніка Галоўнакамандуючага Групы савецкіх войскаў у Германіі. У 1952 годзе скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Акадэміі Генштаба. З 1959 па 1963 год узначальваў Вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы ўдасканалення каманднага складу пяхоты «Выстрел». У 1963—1968 гадах начальнік факультэта Акадэміі Генеральнага штаба. З 1968 года ў адстаўцы. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2-га і 3-га скліканняў. Аўтар кніг «Пад Віцебскам» (1962), «Агністы востраў» (1971), «Праз навальніцы» (1973, 2-е выданне) і іншых.
Памёр 22 красавіка 1976 года. Пахаваны ў Маскве, на Новадзявочых могілках.
Зноскі
Літаратура