Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ!
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзнесць пасад.
Доўга людзі ўдзень блудзілі,
Крыўду, слёзы, кроў пладзілі,
Ўсё не ўмелі жыць,—
А сягоння ўжо не тое,—
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім свяціць.
Ходзіць ходырам свет цэлы,
Смела ў бітву йдзе нясмелы,
Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы
Час браць з вышак, покі росы
Воч не згрызлі ў нас.
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!
Джерела
Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан