Януш Астрожскі (каля 1554 — 12 або 13 верасня 1620, Тарнаў) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Ваявода валынскі (1584—1593), кашталян кракаўскі (з 1593); староста багуслаўскі (з 1591), белацаркоўскі (з 1592), чаркаскі і канеўскі (з 1594), пераяслаўскі (з 1604; увайшло ў трыманне ў 1618). Валодаў горадам Дубна і іншымі маёнткамі на Украіне, горадам Тарнаў у Польшчы і інш.
Януш Астрожскі — адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай, апошні прадстаўнік мужчынскай лініі роду і першы, што прыняў Берасцейскую унію. Па яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх[5].
Біяграфія
З княжацкага роду Астрожскіх уласнага герба, сын Канстанціна-Васіля і Соф’і з Тарноўскіх. Меў братоў Аляксандра і Канстанціна, сясцёр Кацярыну і Лізавету.
Спачатку выхоўваўся ў Дубне, потым пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. У сярэдзіне 1570-х гадоў перайшоў у каталіцтва.
У 1577 годзе бараніў Дубна ад татараў. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) у 1579 годзе ўдзельнічаў у выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. 2 лютага 1593 года супольна з Аляксандрам Вішнявецкім перамог у бітве пад Пяткай казацкае войска пад камандай К. Касінскага. Для абароны межаў дзяржавы і ўласных уладанняў у 1609 годзе заснаваў Астрожскую ардынацыю, сталіцай якой з цягам часу зрабілася Дубна.
Займаў шэраг высокіх дзяржаўных пасадаў. Выступаў супраць падтрымкі Ілжэдзмітрыя I і вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618).
Умацаваў Дубенскі замак бастыёнамі, глыбокім ровам і падвесным мостам, а ў самім горадзе заснаваў касцёл бернардзінцаў і касцёл Яна Непамука. Апроч таго, фундаваў касцёлы ў Межырэччы, Палонным і Астроўцы. Праваслаўю ў сваіх валоданнях не перашкаджаў.
Беражліва захоўваў скарбы продкаў, асабліва шанаваў залаты медаль з выявай свайго бацькі, князя Канстанціна-Васіля, якую як абярог браў з сабой у выправы. Гэты медаль цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы.
Жонкамі Я. Астрожскага былі:
- Сузанна Сярэды (1582), дзеці: Элеанора і Еўфрасіння
- Кацярына Любамірская (1597)
- Тэафілія Тарла (1612), дзеці: Януш Уладзімір (памёр у маленстве)
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Януш Астрожскі — продкі |
---|
|