Ян Міхал Струцінскі (? — пачатак 1746 ) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Струцінскіх герба «Сас ». Нарадзіўся ў сям’і Мікалая Струцінскага , чашніка вількамірскага, і Марыяны з Панкевічаў .
Магчыма, у маладосці служыў у войску. Самавольна тытулаваўся чашнікам вількамірскім (1697—1701). Стольнік вількамірскі ў 1701—1713 гадах, стараста сяйвейскі і віжанскі ў 1709—1740 гадах, шакінаўскі ў 1713—1732 гадах, вількамірскі ў 1713—1730 гадах, паручнік каралеўскай пяцігорскай харугвы войска Вялікага Княства Літоўскага з 1709 года, харужы , палкоўнік , кашталян інфлянцкі ў 1737—1744 гадах. Пасол на соймы 1701—1702, 1703, 1724, 1733 гадоў, дэпутат Варшаўскай вальнай рады 1710 года .
У 1699 годзе сакратар пасольства ў Турцыю . Быў прыхільнікам караля Аўгуста II , далучыўся да Сандамірскай канфедэрацыі . Удзельнічаў у забяспячэнні расійскіх войск на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага . У 1719 годзе пасол у Крым і Турцыю. У 1733 падтрымаў абранне на трон Станіслава Ляшчынскага , пасля перайшоў на бок Аўгуста III .
Маёнткі: Салокі , Люшнева , Снегі (Браслаўскі павет ), Анталепты (Вількамірскі павет ), Шэмберг (Курляндыя ). Дамогся для Салокаў, Анталептаў і Шэмберга прывілеяў на таргі і кірмашы (1713).
Удзельнічаў у заснаванні Анталептаўскага кляштара кармелітаў босых .
Пахаваны 3 сакавіка 1746 года.
Сям’я
У шлюбе з Брыгідай з Бергаў , дачкой кашталяна інфлянцкага Уладзіслава Францішка Берга , меў сына Юзафа і дачку Іаану.
Літаратура
Струцінскі Ян Міхал // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя . У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн. : Беларуская Энцыклапедыя , 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2 .
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.
Matsuk Andrei. Strutyński Jan Michał // PSB. Z. 182. T. XLIV/3. Warszawa; Kraków, 2007. S. 479—481.
Ян Міхал Струцінскі — продкі