Юзаф Антоні Касакоўскі (1772, Марцінішкі — 28 кастрычніка 1842, Шырвінты) — літоўскі, польскі і французскі ваенны дзеяч. Прадстаўнік шляхецкага роду Касакоўскіх герба Слепаўрон.
Біяграфія
Сын каштяляна інфлянцкага Антонія Касакоўскага і Элеаноры Страшэвіч. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Касакоўскіх — Марцінішках бліз Коўна. Атрымаў адукацыю ў калегіуме каталіцкага манаскага ордэна піяраў у Вільні.
У 1792 годзе Юзаф Антоній Касакоўскі, быўшы харунжым 8-й харугвы 1-й брыгады кавалерыі ВКЛ, удзельнічаў у вайне за незалежнасць. Затым, пры падтрымцы свайго дзядзькі Шымана Марціна Касакоўскага, атрымаў чын маёра і стаў камандзірам 3-й брыгады кавалерыі ВКЛ. Пасля вайны Юзэф Антоні збіраўся прыняць духоўны сан, каб стаць вікарыем другога свайго дзядзькі, біскупа інфлянцкага Юзафа Казіміра Касакоўскага. Аднак, у тым жа 1792 годзе стаў дарадцам Літоўскай генеральнай канфедэрацыі ў складзе Таргавіцкай канфедэрацыі.
У 1794 годзе Юзаф Антоні Касакоўскі ўдзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, прыняў удзел у абароне Вільні ад рускай арміі. Пасля падаўлення паўстання некалькі гадоў пражываў у Парыжы, потым вярнуўся ў Літву, якая ўвайшла ў склад Расіі.
Падчас французскага ўварвання ў Расію, Касакоўскі, праведзены ў брыгадныя генералы, знаходзіўся ў свіце імператара Напалеона I у якасці аднаго з трох польскіх флігель-ад’ютантаў імператара, нараўне з Яўстахіем Эразмам Сангушка і Людвігам Міхаілам Пацам. Удзельнічаў у бітве пад Смаленскам і Барадзінскай бітве. 29 верасня 1812 года быў прызначаны Напалеонам губернатарам Масквы, займаў гэтую пасаду тры дні. Падчас адступлення з Расіі прымаў удзел у бітве на рацэ Бярэзіне і ў шэрагу іншых сутычак і бітваў.
У 1813 годзе, падчас Вайны шостай кааліцыі, Касакоўскі, застаючыся флігель-ад’ютантам імператара, прыняў удзел у бітвах пад Лютцэнам, Баўцэнам, Дрэздэнам, Лейпцыгам і Ганаў.
У 1814 годзе з-за хваробы некалькі месяцаў не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Аднак, быў адным са сведкаў адрачэння Напалеона Банапарта ад імператарскага трона ў красавіку 1814 года ў Фантэнбло.
У тым жа 1814 годзе Юзаф Антоній Касакоўскі атрымаў тытул графа французскай Першай імперыі, а таксама стаў рыцарам Мальтыйскага ордэна. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў вярнуўся на радзіму, дзе быў амніставаны. Стаў вядомы як калекцыянер рэліквій, звязаных з Напалеонаўскімі войнамі. Касакоўскаму належалі, у прыватнасці, адзін з мундзіраў і пасма валасоў Напалеона. У сваёй сядзібе паставіў помнік каню, які разам з ім удзельнічаў у Напалеонаўскіх паходах.
Быў кавалерам (3 кастрычніка 1812 года) і афіцэрам (24 кастрычніка таго ж года) французскага ордэна Ганаровага Легіёна, кавалерам ордэна Жалезнай Кароны (франка-італьянскага), меў таксама Каралеўскі ордэн Абедзвюх Сіцылій, ад караля Неапалітанскага Іахіма Мюрата (невядомай ступені) і Ордэн Ліліі (ад графа д’Артуа, будучага караля Францыі Карла X).
Зноскі
Літаратура
- Polski Słownik Biograficzny. T. XIV. 1968—1969., artykuł autorstwa Zofii Kossakowskiej-Szanojcy
Юзаф Антоні Касакоўскі — продкі |
---|
|