Шматвектарная палітыка або дактрына шматвектарнасці — знешнепалітычная дактрына Украіны перыяду прэзідэнцтва Леаніда Кучмы з 1994 па 2005 год. Праводзілася для збалансавання адносін са Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім Саюзам, а таксама з Расіяй з мэтай захавання нейтральнага статусу.
Шматвектарная палітыка была акрэслена Кучмам яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года[1]. Шмат у чым яна перасякалася з поглядамі Леаніда Краўчука і Дзмітрыя Паўлычкі, якія сцвярджалі, што Украіна павінна быць нейтральнай, пазаблокавай[2] і бяз’ядзернай[3] дзяржавай. Яе ажыццяўленню спрыяў тагачасны курс на дэмілітарызацыю і дэнуклеарызацыю, які карыстаўся падтрымкай у грамадстве ў 1990-х гадах[3].
Хоць першапачаткова Кучма лічыўся прарасійскім палітыкам, але з першых дзён прэзідэнцтва ён праводзіў шматвектарную палітыку, што было нечаканым для замежных назіральнікаў[1]. Афіцыйны Кіеў не толькі палепшыў адносіны з Захадам, але вырашыў з Крамлём дыпламатычны крызіс вакол статусу Крыма. Было прынята рашэнне аб прадастаўленні права базавання расійскаму флоту ў Севастопалі ў абмен на прызнанне Масквой тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны[4].
Пасля пераабрання Кучмы ў 1999 годзе ён абвясціў, што Украіна будзе прытрымлівацца курсу на інтэграцыю з ЕС. Летам 2001 года Міністэрствам замежных справаў афіцыйна адмяніла тэрмін «шматвектарная палітыка»[5]. Нягледзячы на афіцыйныя заявы, у гэты час адбывалася збліжэнне Украіны з Расіяй і дыстанцыяванне Кіева ад Захаду. Падобныя змены былі выкліканы ў першую чаргу касетным сканадам 2000 года[5], падчас якога былі выяўлены меркаваныя доказы датычнасці ўкраінскіх уладаў да забойства журналіста Георгія Гангадзэ і продажаў станцыі РЭБ «Кальчуга» Іраку[6].
Крытыкі шматвектарнасці заяўлялі, што праз яе павялічылася залежнасць Украіны ад Расі і спыніліся працэсы па ўступленні ў Еўрапейскі саюз[7][8]. Прыхільнікі дактрыны запэўнівалі, што яна прагматычная і спрыяла эканамічнаму развіццю дзяржавы[9].
Гл. таксама
Крыніцы