Фіялка Вітрака, або садовыя браткі (Víola × wittrokiána) — травяністая шматгадовая расліна гібрыднага паходжання сямейства фіялкавыя.
Пад гэтай назвай аб’ядноўваюць шматлікія гатункі і гатункагрупы, атрыманыя з удзелам фіялкі трохколернай (Viola tricolor), алтайскай (Viola altaica) і жоўтай (Viola lutea), а таксама, магчыма, і некаторых іншых відаў (напрыклад, Viola cornuta).
Відавая назва wittrokiana фіялка атрымала ў гонар шведскага прафесара батанікі Вейта Вітрака, дырэктара Бергенскага батанічнага саду і аўтара кнігі па гісторыі гэтай расліны.
Апісанне
Кветкі буйныя, дыяметрам да 10 см, адзінкавыя, ўтвараюцца ў пазухах лісця. Калякветнік двайны, венца плоскае 5-пялёсткавае, ніжні пялёстак — з нектараноснай шпорай і апушанай лагчынкай, у якую высыпаецца пылок, бакавыя пялёсткі накіраваныя ўверх. Слупок на верхавіне шарападобны патоўшчаны. Афарбоўка венца разнастайная: белая, жоўтая, блакітная, сіняя, аранжавая, вінна-чырвоная, аднатонная або з рыскамі і плямамі рознай велічыні.
Плод — трохкамерная каробачка. Насенне дробнае, даўжынёй 1,8-2 і шырынёй да 1 мм. Паверхня насення бліскучая, гладкая. Афарбоўка — ад светла- да цёмна-карычневай. У 1 г змяшчаецца 0,8-1 тыс. штук.
Гісторыя і распаўсюджанне культуры
Фіялка Вітрака — антрапафітны від расліны. Агульнае распаўсюджанне — шырока культывуецца ў нетрапічных краінах у якасці дэкаратыўнай расліны, часам сустракаецца як пустазельная расліна. Лічыцца, што гібрыдная фіялка выведзена селекцыянерамі ў Англіі ў 30-х гадах XIX стагоддзя, затым яна распаўсюдзілася ў Францыі, Германіі і была завезена ў Беларусь. У пачатку XX стагоддзя ў Амерыцы ў горадзе Портлендзе (штат Арэгон) былі створаны буйнакветкавыя гатункі фіялак розных адценняў чырвонага колеру з дыяметрам кветкі да 10-12 см. У другой палове XX стагоддзя цэнтр селекцыі фіялак перамясціўся з Заходняй Еўропы ў Японію.
Зноскі