Сын валынскіх шляхціцаў Пятра Сымана і Аўгусціны з Серачынскіх. Пачатковую адукацыю атрымаў у Траянаве. У 1852—1855 навучаўся ў Наваград-Валынскай дваранскага вучылішча. У 1856 годзе паступіў у Жытомірскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю, адкуль у 1859 годзе пераведзены ў Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу, дзе ў 1862 атрымаў ступень акадэміка багаслоўя. Працягнуў навучанне тэалогіі ў Мюнхенскім універсітэце, дзе ў 1864 абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. 9 кастрычніка таго ж года прыняў капеланскія пасвечанні ў Рыме.
З 1865 года быў выкладчыкам Санкт-Пецярбургскай акадэміі. Спачатку выкладаў біблейскую археалогію; у 1866—1870 узначальваў кафедру царкоўнай гісторыі і кананічнага права; у 1870—1877 гадах — кафедру Святога пісьма. У 1874 годзе стаў ганаровым канонікам Магілёўскай архікафедры, у 1876 — канонікам Луцка-Жытомірскай кафедры. У 1877 годзе звольнены з акадэміі «за нелаяльнасць».
Пасля звальнення стаў пенітэнцыярам пры жытомірскай кафедры. З 1883 года выкладаў грэчаскую мову і дагматычнае багаслоўе ў тамтэйшай духоўнай семінарыі. У 1883 атрымаў сан кафедральнага прэлата.
Пасля 1866 у Мінскай дыяцэзіі каля трыццаці пробашчаў пачалі ўводзіць у сваіх касцёлах рускую мову, некаторыя з прычыны ціску ўладаў, а некаторыя — дзеля іх залагоджвання. Вернікі пратэставалі супраць гэтага, адмаўляючыся наведваць такія касцёлы. Апостальскі пасад нават выдаў дэкрэт з асуджэннем практыкі пробашчаў, але там і надалей ужывалася руская мова.
Пасля далучэння Мінскай дыяцэзіі да Магілёўскай замест памерлых пробашчаў, якіх называлі рытуалістамі, магілёўскія архібіскупы не прызначалі новых. Аднак і расійскія ўлады не згаджваліся вярнуць ужыванне ў касцёлах беларускай або польскай моў. Да 1897 года каля 20 парафій не мелі пробашчаў. Пасля неаднаразовых зваротаў да цара і Папы Рымскага ў 1897 была заключана дамова, паводле якой новапрызначаныя пробашчы атрымалі дазвол на адпраўленне набажэнстваў і выкананне сакраментаў лацінскай мовай.
Пасля гэтага біскуп Францішак Сыман аб’ехаў амаль усе вакантныя парафіі, праінфармаваўшы кожнага з новапрызначаных пробашчаў пра дагавор між расійскім урадам і Апостальскім пасадам. На пытанні, якімі ж мовамі вучыць дзяцей катэхізісу, чытаць Евангелле, прамаўляць казань, задаваць пытанні пры сакраментах, абвяшчаць святы, посты і да т. п., Сыман адказваў, што ўгода тычыцца толькі літургічных набажэнстваў, а ўсё астатняе мае адбывацца мовай парафіян. Такім парадкам руская мова зноў была выцеснена з усёй дыяцэзіі. Урад спадзяваўся, што архібіскуп Казлоўскі, вярнуўшыся на пасаду, скасуе ўказанні свайго намесніка, але гэтага не сталася. Рускія адпомсцілі Сыману пазней: калі ў 1897 годзе яго прызначылі плоцкім біскупам, улады не зацвердзілі прызначэння і выслалі таго ў Адэсу. Толькі ў 1901 годзе Францішак Сыман выехаў з Расіі і адмовіўся ад далейшых спробаў заняць біскупскую пасаду ў Плоцку. У якасці кампенсацыі за страчанае біскупства Папа Рымскі надаў яму пасаду тытулярная архібіскупа Аталеі і візітатарам для польскіх каталіцкіх парафій у Злучаных Штатах Амерыкі. Расійскі ўрад прызначыў яму пажыццёвую пенсію 2500 рублёў у год і «права пражывання, дзе яму падабаецца, аднак з забаронай правядзення будзь-якой дзейнасці ў Расіі»[1].