Фердынанд Ляйтнер (ням.: Ferdinand Leitner; 4 сакавіка 1912, Берлін — 3 чэрвеня 1996, Цюрых) — нямецкі дырыжор.
Вучыўся ў Берлінскай Вышэйшай школе музыкі ў Франца Шрэкера і Юліуса Прувера, браў урокі таксама ў Артура Шнабеля і Карла Мука. У 1930-я гг. выступаў больш як піяніст, акампануючы Людвігу Хёльшэру і Георгу Куленкампфу. У 1935 г. стаў асістэнтам Фрыца Буша па працы на Глайндбарнскім оперным фестывалі. У 1940-я гг. быў галоўным дырыжорам тэатральных аркестраў у Берліне, Гановере, Мюнхене, у 1947—1969 гг. працаваў у Штутгарце, з 1949 г. на пасадзе генеральмузікдырэктара. Адначасова ў 1947—1951 гг. кіраваў Бахаўскімі тыднямі ў Ансбаху, з 1956 г. кіраваў пастаноўкамі нямецкіх опер у буэнас-айрэскім тэатры «Калон». У 1969—1984 гг. Ляйтнер быў музычным кіраўніком Цюрыхскай оперы, у 1976—1980 гг. таксама ўзначальваў гаагскі Рэзідэнц-аркестр.
Ляйтнер быў у першую чаргу оперным дырыжорам, які асабліва цікавіўся нямецкай музыкай XX стагоддзя. Пад яго кіраўніцтвам адбылося прэм’ернае выкананне оперы Карла Орфа «Цар Эдып» (1959), ён шмат працаваў з творамі Карла Амадэя Хартмана, Феруча Бузоні і інш.
Зноскі