Уайт Уотсан (англ.: White Watson) — англійскі геолаг, скульптар, муляр, разьбяр і прадавец мінералаў. Меў зносіны са шматлікімі адукаванымі людзьмі таго часу, быў дасведчаны ў некалькіх мастацкіх і навуковых сферах, што давала яму магчымасць быць адначасова пісьменнікам, паэтам, журналістам, настаўнікам, батанікам, садоўнікам, геолагам і мінералазнаўцам. Вёў дзённікі і кнігі з уласнымі замалёўкамі на тэмы геалогіі, выкапняў і мінералаў, флоры і фаўны. Апублікаваў шэраг невялікіх, але значных навуковых прац у гэтай галіне. У якасці мастака быў першым чынам вядомы сваімі сілуэтнымі карцінамі, як на паперы, так і на мармуры.
Біяграфія
Уотсан нарадзіўся ва Уайтлі Вуд Хол (Whitely Wood Hall)[1] 10 красавіка 1760 года. Яго бацькам быў Самуэль Уотсан (Samuel Watson), маці — Марфа Уайт (Martha White). Дзед і прадзед Уотсана (абодвух іх звалі Самуэль Уотсан) былі скульптарамі і мулярамі, якія ўдзельнічалі ў перабудове Чатсуорт-хаўса ў 1687—1706 гады.
Уайт з дзяцінства зацікавіўся камянямі і мінераламі, і стаў збіраць уласную калекцыю з узораў з крамы бацькі. Яго дзядзька, Генры Уотсан (Henry Watson), быў разбяром па мармуры ў Бейквелі і Эшфардзе-ан-зе-Уотэр напачатку 1750х, і ў Эшфардзе-ан-зе-Уотэр ён пабудаваў уласную вадзяную мармуровую фабрыку[2]. Шмат у чым менавіта Генры Уотсан наладзіў мясцовы гандаль флюарытам і эшфардскім чорным мармурам, у тым ліку для аздаблення Чартсуорт-Хаўса ў 1779 годзе[2]. Скончыўшы Шэфілдскую школу ва ўзросце 14 гадоў, Уайт Уотсан пайшоў жыць да дзядзькі, і вучыўся ў яго з 31 мая 1774 года. Паводле яго ўласнага каталога, цяпер выстаўленаму ў Шэфілдскай бібліятэцы, ён афіцыйна пачаў сваю калекцыю закамянеласцяў і мінералаў у тым жа годзе. У 1872 годзе ён стаў рэкламаваць сябе як скульптара і гравёра, і дапамагаў дзядзьку весці бізнес.
Верагодна, уразіўшыся дыяграмамі Джона Уайтхёрста 1782 года, у 1785 годзе Уайт прадставіў Уайтхёрсту свае дыяграмы «секцыя гары Дэрбішыра» (A Section of a Mountain in Derbyshire) і «планшэт» (Tablet), вырабленыя непасрэдна з камянёў. Гэты інавацыйны метад адлюстравання не толькі паказаў ранняе разуменне новай навукі пра геалагічныя пласты, але і з'явіўся першай спробай дакументавання стратиграфической структуры Дэрбішыра ў цэлым у адрозненне ад структуры, уласцівай пэўным населеным пунктам, як то рабіў Уайтхёрст. На працягу свайго жыцця Уотсан зрабіў каля 100 такіх планшэтаў, якія суправаджаліся тлумачальнымі запіскамі, і яго запісы ўтрымліваюць эскізы значна большай колькасці. Месцазнаходжанне большасці з іх у цяперашні час невядома, хоць іх захавалася не меней пятнаццаці. Верагодна, такія дошкі рабіў таксама Джон Мэйв[3].
Генры Уотсан памёр у 1786 годзе, і яго бізнес быў прададзены. З гэтага часу важнай часткай дзейнасці Уайта становіцца выраб надмагілляў[4].
У 1808 годзе Уотсан жаніўся на Эн Тарпэ (Ann Thorpe); заўдавеў у 1825 годзе. Дзяцей у яго ніколі не было. Нягледзячы на свае працы, ён памёр, спрабуючы аплаціць даўгі шляхам продажу большай часткі сваёй калекцыі[5].
Выбраныя публікацыі
Observations on Bakewell, post-1798
A Catalogue of a Collection of Limestones, 1803
A Catalogue of a Collection of Limestones, 1805
A Catalogue of a Collection of Limestones, 1805
A Catalogue of a Collection of Fossils, 1805
A Delineation of the Strata of Derbyshire, 1811. Republished, 1973. ISBN 0903485060
A Collection of Poems, 1812 (intended to accompany the 'Delineation' above)
A Section of the Strata forming the Surface in the Vicinity of Matlock Bath in Derbyshire, 1813
On Entrochal Marble, one-page pamphlet, 1826
A Theory on the Formation of Mineral Veins, one-page pamphlet, 1827
A Description of Slickensides, one-page pamphlet, 1829
Observations on Prismatic Gritstone, one-page pamphlet, 1833
↑Torrens, Hugh S. (Winter 1992). "Early life ... of John Mawe"(PDF). Buttetin of the Peak District Mines Society. 11 (6): 5. Архівавана з арыгінала(PDF) 19 ліпеня 2011. Праверана 6 May 2011.{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: date і year (спасылка)