Туркі бін Сауд бін Махаммед Аль-Сауд (англ.: Turki bin Saud bin Mohammed Al Saud[1], 3 кастрычніка 1953, Саудаўская Аравія) — учоны ў галіне фізікі, аэранаўтыкі і астранаўтыкі, дзяржаўны дзеяч. Доктар філасофіі (1997). Ганаровы член НАН Беларусі (2017).
Біяграфія
Скончыў Стэнфардскі ўніверсітэт (ЗША). З 1997 — у Цэнтры навукі і тэхналогій імя Караля Абдул-Азіза (KACST): дырэктар Інстытута касмічных даследаванняў, з 2004 — віцэ-прэзідэнт, з 2015 — прэзідэнт KACST. Адначасова старшыня назіральнага камітэта Нацыянальнага плана ў галіне навукі, тэхналогіі і інавацый, назіральнага камітэта праграмы тэхналагічных інкубатараў, назіральнага камітэта ініцыятывы караля Абдалы па сонечным апрасненні вады, Адміністрацыйнага камітэта саудаўскага цэнтра энергаэфектыўнасці, савета дырэктараў Саудаўскай кампаніі па тэхналагічным развіцці і інвестыцыях, а таксама праўленняў шэрагу сумесных цэнтраў перадавога вопыту, створаных з вядучымі замежнымі універсітэтамі і кампаніямі. Член савета дырэктараў Карпарацыі ваеннай прамысловасці, Савета грамадзянскай абароны, Міжнароднага кансультатыўнага савета Цэнтра ім. Караля Абдалы па вывучэнню і даследаванню нафты, Апякунскага савета Універсітэта Аль-Фейсал у г. Эр-Рыяд[2].
Навуковая дзейнасць
Навуковыя працы ў галіне высокатэмпературнай газавай дынамікі, касмічных даследаванняў і сучасных спадарожнікавых тэхналогій, распрацоўкі новых матэрыялаў, эксперыментальнай праверкі эфектаў спецыяльнай і агульнай тэорыі адноснасці, па пытаннях фарміравання навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Каралеўства Саудаўская Аравія. Выканаў вымярэння выпраменьвання і тэмпературы факелаў рухавікоў рэактыўнай сістэмы кіравання шматразовага касмічнага карабля «Спейс шатл» па праграме палёту STS-51G (1985). Ужыў метад буйных часціц для колькаснага мадэлявання працэсаў абцякання і звышгукавых цячэнняў. Паказаў магчымасць паляпшэння характарыстык полікрышталічных крамянёвых сонечных элементаў за кошт нанясення на іх звыштонкіх плёнак высокамонадысперсных люмінесцэнтных наначасціц крэмнію. Даследаваў фарміраванне новых малекулярных комплексаў (суперэкскіплексаў) пры ўзбуджэнні малекул кумарыну нанасекунднымі імпульсамі перабудоўваемага тытан-сапфіравага лазера. Адзін з распрацоўшчыкаў новага пакалення касмічных архітэктур — шматмэтавых пераканфігурыруемых размеркаваных сістэм на аснове мікраспадарожнікавых платформаў, праекта эксперыменту па праверцы спецыяльнай тэорыі адноснасці на нізкай калязямной арбіце з выкарыстаннем высакаякасных аптычных эталонаў частоты і міні-спадарожнікаў вытворчасці KACST.
У 2006 сумесна з кіраўніцтвам НАН Беларусі сфарміраваў доўгатэрміновую праграму Беларуска-Саудаўскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, якая прадугледжвае рэалізацыю найбольш перспектыўных прапаноў вядучых акадэмічных інстытутаў у галіне аэракасмічных даследаванняў і тэхналогій, нанатэхналогій, энергетыкі і оптыкі, нацэленых на стварэнне пілотных узораў абсталявання і тэхналагічных працэсаў з палепшанымі характарыстыкамі.
Асноўныя працы
- Space Shuttle RCS Plumes: Radiation and Temperature Measurement on Mission 51-G // Progress in Astronautics and Aeronautics. Washington, 1988. Vol. 110.
- Superexciplex of Coumarin Molecules using Tunable Ti-Sapphire Laser // Jap. J. Appl. Phys. 2003. Vol. 42, N 10.
- Radar Images and Geoarchaeology of the Eastern Sahara // Remote Sensing in Archaeology. N. Y., 2006.
- Enhancement of polycrystalline silicon solar cells using ultrathin films of silicon nanoparticle // Appl. Phys. Lett. 2007. Vol. 91, N 6.
- Hybrid Composites with Shunted Piezoelectric Particles for Vibration Damping // Mech. Adv. Mater. Struct. 2007. Vol. 14, N 6.
- New reforms of research, innovation and entrepreneurship in the GCC countries // Innovation: Management Policy and Practice. 2014. Vol. 16, N 2.
- The Gravity Probe B test of general relativity // Class. Quantum Grav. 2015. Vol. 32, N 22.
Крыніцы
Спасылкі