Тадэвуш Чацкі (польск.: Tadeusz Czacki; 28 жніўня 1765, в. Паўлаўка, Іванічаўскі раён, Валынская вобласць, Украіна — 8 лютага 1813) — польскі гісторык, дзеяч асветы і навукі на тэрыторыі ВКЛ.
Біяграфія
Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. 3 1781 практыкант задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда ў Варшаве. Зблізіўся з гісторыкам А. Нарушэвічам. Па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіва і Кароннай метрыкі. У 1786—92 член Кароннай скарбовай камісіі.
Праводзіў даследаванні гаспадарчага стану краіны. Ініцыятар складання гідраграфічнай карты Польшчы і ВКЛ. Прапаноўваў шматлікія праекты гаспадарчага развіцця краіны, рамяства, гарадоў, замежнага гандлю, скасавання ўсіх абмежаванняў для яўрэяў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) асеў у Кракаве, дзе праводзіў гістарычныя даследаванні. Сабраў каштоўныя бібліятэчныя і архіўныя зборы.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) адзін з галоўных арганізатараў асветы і навукі на землях, далучаных да Расійскай імперыі, адзін з заснавальнікаў Таварыства аматараў навук у Варшаве (1800). 3 1805 візітатар школ Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губерняў, заснаваў Крамянецкі ліцэй (з Г. Калантаем). Абраны ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта. Супрацоўнічаў у газетах «Nowy pamiętnik Warszawski» («Новы варшаўскі дзённік»), «Dziennik wileński» («Віленскі дзённік»). У 1807 і 1808 арыштоўваўся па падазрэннях у антыўрадавай дзейнасці.
Навукова-даследчая дзейнасць
Як гісторык належаў да «школы Нарушэвіча», у гістарычнай навуцы эпохі Асветніцтва прадстаўляў манархічную плынь.
Для мяркуемай манаграфіі пра панаванне Ягелонаў зрабіў крыніцазнаўчае даследаванне «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835). Твор «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах, сувязі і аб рэчах, змешчаных у першым статуце для Літвы, выдадзеным у 1529 г.» (т. 1—2, 1800—01) — першая ў польскай гістарыяграфіі спроба гістарычнай інтэрпрэтацыі права.
Першы пачаў даследаваць Статут ВКЛ, 1529 (адкрыў і вывучаў яго Пулаўскі спіс). Галоўную крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўночных народаў і германцаў, крытыкаваў погляды, быццам права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве.
Апрацаваў палеаграфічныя табліцы, нумізматычны каталог. Аўтар шматлікіх твораў па эканоміцы, гісторыі і праве, у т.л. «Аб дзесяцінах у свеце, а падрабязней у Польшчы і Літве» (1801), «Аб яўрэях», «Аб камісіі адукацыі ў Літве» (абодва 1807), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (нап. 1810). Быў ініцыятарам збірання народных песень і паданняў, у якіх бачыў крыніцу для вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.
Бібліяграфія
- Dziela. T. 1—3. Poznań, 1843-45.
Зноскі
Літаратура
- Пазднякоў В. Чацкі // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.
Тадэвуш Чацкі — продкі |
---|
|
| |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|