«Сіцылійскі клан» (фр.: Le Clan des Siciliens) — крымінальная драма Анры Вернёя паводле аднайменнага рамана Агюста Ле Брэтона. Галоўныя ролі ў фільме сыгралі зоркі французскага кіно — Жан Габэн, Ален Дэлон і Ліна Вентура.
Сюжэт
Налётчык Ражэ Сартэ (Ален Дэлон), якому за забойства двух паліцэйскіх пагражае смяротнае пакаранне, падчас перавозкі з Палаца правасуддзя ў турму бяжыць з турэмнага аўтафургона. Уцёкі арганізаваны кланам Маналезэ — сіцылійцамі, якія размясціліся ў Францыі. Начальнік брыгады па барацьбе з бандытызмам камісар Ален Ле Гоф (Ліна Вентура) пачынае вышук злачынца.
Жадаючы з’ехаць з Францыі і разумеючы, што для гэтага неабходна буйная сума грошай, Сартэ прапануе кіраўніку клана, старому Віторыа Маналезэ (Жан Габэн) абрабаваць выставу ювелірных каштоўнасцяў. Клану і Сартэ пры дапамозе амерыканскіх мафіёзі атрымоўваецца захапіць самалёт, які перавозіць каштоўнасці, пасадзіць яго на аўтастраду пад Нью-Ёркам, захапіць каштоўнасці і схавацца.
Аднак клану становіцца вядома, што падчас падрыхтоўкі да рабавання Сартэ меў сувязь з Жаннай, жонкай старэйшага сына Маналезэ. Жадаючы адпомсціць за гонар сям’і, Віторыа Маналезэ рыхтуе Сартэ пастку. Падчас «разборкі» Віторыа забівае і Жанну, і Сартэ. Вярнуўшыся дадому, Віторыа застае там камісара Ле Гофа, які прыйшоў арыштаваць яго за рабаванне самалёта.
У ролях
- Ален Дэлон — Ражэ Сартэ
- Жан Габэн — Віторыа Маналезэ
- Ліна Вентура — камісар Ален Ле Гоф
- Ірына Дэмік — Жанна Маналезэ.
- Сідні Эрл Чаплін — Жак (пілот у бандзе)
- Амедэа Нацары — Тоні Нікасія
Крыніцы