|
|
|
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл
|
|
Папа Рымскі Францыск
|
Сустрэча Папы Рымскага Францыска і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылася 12 лютага 2016 года ў аэрапорце Гаваны, сталіцы Кубы. Сустрэча такога ўзроўню стала першай за ўсю гісторыю рускай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, шэраг экспертаў і СМІ называюць яе гістарычнай[1][2][3][4][5][6].
Перадгісторыя
Раскол хрысціянскай царквы адбыўся ў 1054 годзе, пасля чаго канчаткова адбыўся яе падзел на Рымска-каталіцкую царкву на Захадзе з цэнтрам у Рыме і Праваслаўную — на Усходзе з цэнтрам у Канстанцінопалі. Падзел, выкліканы расколам, не пераадолены дагэтуль, нягледзячы на тое, што ў 1965 годзе ўзаемныя анафемы былі ўзаемна зняты на сустрэчы Папы Паўла VI і Усяленскага Патрыярха Афінагора I[7].
Руская праваслаўная царква, цяпер найбуйнейшая з Памесных праваслаўных цэркваў у свеце[2], дэ-факта аўтаномная ад Канстанцінопальскай з 1448 года. У 1589—1593 гадах Маскоўскія мітрапаліты атрымалі тытул патрыярхаў і фармальнае прызнанне аўтакефаліі ад усходніх патрыярхаў[заўв 1].
На Фларэнційскім саборы, які праходзіў з 1438 года, прысутнічалі Рымскі Папа Яўген IV і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II, а таксама прадстаяцель рускай царквы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар. Неўзабаве пасля сустрэчы Ісідар быў разжалаваны і ўзяты пад варту па загадзе Васіля II.
Асабістых сустрэч паміж главамі Рускай праваслаўнай царквы і Рымска-каталіцкай царквы раней не адбывалася. Падрыхтоўка да сустрэчы ў 2016 годзе ішла 20 гадоў. У 1996—1997 гадах вяліся перамовы пра арганізацыю сустрэчы патрыярха Алексія II і Папы Яна Паўла II, але яна не адбылася з-за наяўнасці праблем, па якіх бакам не ўдалося дасягнуць згоды[1]. Перамовы пра магчымасць сустрэчы вяліся і з Папам Бенедыктам XVI да моманту яго сыходу ў адстаўку ў сакавіку 2013 года[1]; у 2006 годзе будучы патрыярх Кірыл у якасці старшыні знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата наведаў Рым, дзе сустрэўся з пантыфікам[10].
10 красавіка 2009 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з патрыярхам Кірылам у Маскве прапаноўваў сустрэчу Папы і Патрыярха ў Мінску[11]. 8 мая намеснік старшыні Аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата пратаіерэй Георгій Рабых у адказ на прапанову заявіў, што Рускай праваслаўнай царкве і Рымска-каталіцкай царкве не патрэбныя якія-небудзь пасярэднікі для вырашэння такіх пытанняў, у іх ёсць магчымасці для правядзення прамых узгадненняў па гэтай тэме[12].
У лістападзе 2014 года Папа Францыск, адказваючы на пытанне карэспандэнта ТАСС на борце самалёта пасля вяртання з паездкі ў Стамбул, дзе адбылася яго сустрэча з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем I, заявіў, што гатовы сустрэцца з патрыярхам Кірылам у любым месцы і ў любы час[2].
Храналогія сустрэчы
Падрыхтоўка
Пра сустрэчу абодвума бакамі было абвешчана 5 лютага 2016 года, у гэты ж дзень было прынята канчатковае рашэнне правесці яе 12 лютага. Да гэтага моманту праходзілі рознага роду ўзгадненні, якія тычыліся даты, месца і зместу сустрэчы, у прыватнасці, прапанаванай да падпісання дэкларацыі, тэкст якой узгадняўся да позняга вечара 10 лютага і заняў 10 лістоў[13][14][15].
Сустрэча стала магчымай дзякуючы перакрыжаванню маршрутаў глаў цэркваў: патрыярх Кірыл прыляцеў у Гавану ў рамках турнэ па Лацінскай Амерыцы[16], Папа Рымскі Францыск зрабіў прыпынак у кубінскай сталіцы перад пачаткам пастырскага візіту ў Мексіку[17].
Для сустрэчы глаў цэркваў у аэрапорту Гаваны імя Хасэ Марці, які з'яўляецца галоўным міжнародным авіявузлом краіны, былі падрыхтаваны зала дзяржаўнага пратакола першага тэрмінала, а таксама прэс-зала[18].
Патрыярх Кірыл прыбыў у Гавану 11 лютага[16], Папа Рымскі Францыск — днём 12, незадоўга да пачатку сустрэчы[19].
Ход сустрэчы
Сустрэча пачалася ў 14:25 (UTC?5:00)[20]. Кірыл і Францыск, апранутыя ў звычайные аблачэнне, якое выкарыстоўваецца па-за набажэнствамі, пацалаваліся і разам сфатаграфаваліся[21], а затым размясціліся ў фатэлях, пастаўленых абапал ад драўлянага распяцця[21]. Даволі хутка журналістаў папрасілі пакінуць залу[22]. Як паведаміла італьянскае інфармацыйнае агенцтва агенцтва АНСА, першымі словамі Папы, звернутымі да патрыярха, былі «Нарэшце мы — браты», прадстаяцель РПЦ адказаў: «Цяпер усё лягчэй». «Відавочна, што гэта — божая воля», — сказаў Францыск[21].
Усяго сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Патрыярх і Папа абмеркавалі шэраг важных праблем, закрануўшы ганенні хрысціян на Блізкім Усходзе, ваенна-палітычнае супрацьстаянне і рэлігійны раскол ва Украіне, крызіс сям'і ў сучасным грамадстве[22]. Таксама главы цэркваў гаварылі пра будучыню хрысціян, далейшае развіццё супрацоўніцтва РПЦ і каталіцкай царквы, магчымыя сумесныя праекты, у прыватнасці, пра абмен паломнікамі[23]. Кірыл і Францыск гутарылі на родных мовах — рускай і іспанскай, пры дапамозе двух перакладчыкаў[21].
Таксама адбыўся абмен падарункамі: патрыярх падарыў Папе спіс Казанскай іконы Божай Маці і сваю кнігу «Свабода і адказнасць» на іспанскай мове, Францыск у сваю чаргу паднёс у дар Кірылу часціцу мошчаў свяціцеля Кірыла і чашу для прычасця[22].
Па выніках сустрэчы патрыярх і Папа ўрачыста падпісалі сумесную дэкларацыю, якая складаецца з 30 пунктаў[22].
Рэакцыя
Прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці па ўсім свеце віталі сустрэчу глаў дзвюх цэркваў, адзначаючы яе важнасць і гістарычнае значэнне, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў Расіі[24], Беларусі[25], Венгрыі[26], Канады[24], Польшчы[27], Сербіі[28], ЗША[29][30], краін Блізкага Усходу[31][32] і іншых дзяржаў.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў сустрэчу Кірыла і Францыска ўзаемным крокам насустрач Расіі і Захаду[33].
Раман Лункін, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН, лічыць, што сустрэча, якая праходзіць на фоне блізкаўсходняга канфлікту, які суправаджаецца ганеннямі на хрысціян, ставіць мэтай вярнуць хрысціянства ў сусветную палітыку[34].
Беларускі палітолаг і гісторык рэлігіі Анатоль Сідарэвіч выказаў меркаванне, што гэта сустрэча можа паспрыяць візіту Папы Рымскага ў Беларусь[35], на які Руская праваслаўная царква дагэтуль не дае дазволу, патрабуючы ад Рыма адмовіцца ад празелітызму і уніі на сваёй «кананічнай тэрыторыі»[36].
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі