Старая Ратуша (ням.: Altes Rathaus) — адна са славутасцяў Мюнхена, размешчаная на ўсходнім боку плошчы Марыенплац.
Першае згадванне аб Старой ратушы датуецца 1310 годам, вялікая зала будынка была пабудавана ў 1392—1394 гадах. Вядома, што ў 1460 годзе комплекс пабіла маланка. У 1470—1480 гадах пад кіраўніцтвам Ёрга фон Хальсбаха ратуша была рэканструявана ў стылі позняй готыкі. Пасля, у эпоху Адраджэння, у фасад дадаваліся элементы ў стылі рэнесансу. Але ў 1861—1864 гадах будынак быў рэканструяваны ў неагатычным стылі.
У 1874 годзе гарадскі савет пераехаў у будынак Новай ратушы, размешчаны на паўночным боку той жа плошчы Марыенплац.
Ратуша таксама вядомая прамовай Ёзэфа Гебельса 9 лістапада 1938 года напярэдадні серыі яўрэйскіх пагромаў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай як «Хрустальная ноч».
Старая ратуша значна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны, новы шпіль быў усталяваны ў пачатку 1970-х. У цяперашні час значную частку будынка займае музей цацак.[1]
Зноскі
Спасылкі