Соня лясная (Dryomys nitedula) — млекакормячая жывёліна, грызун сямейства соневых.
Апісанне
Даўжыня цела 8—12 см, хваста 6—11 см. Поўсць пушыстая, мяккая, на спіне шаравата-бурая з рыжаватым адценнем, па брушку, грудзях і горле светлая, жаўтавата-белая. Хвост прыплюснуты, укрыты валасамі, зверху шэры, знізу белаваты. Ад носа да да вуха праходзіць чорная паласа. Морда вострая, вушы акруглыя. Заднія ногі даўжэй за пярэднія.
Пашырэнне
Жыве ў сярэдняй паласе Усходняй Еўропы, на Каўказе, у горных лясах Сярэдняй Азіі і Казахстана, магчыма, на Алтаі. Трапляецца ў густых мяшаных і шыракалістых лясах, садах, на ўзлесках і высечках.
Асаблівасці біялогіі
Жыве пераважна на дрэвах, часта спускаецца на зямлю. Актыўная ноччу і на змярканні. На зіму ўпадае ў спячку.
Корміцца арэхамі, жалудамі, насеннем, ягадамі, пупышкамі, карой парасткаў, насякомымі, радзей яйцамі птушак. Зрэдку запасае корм у дуплах.
Шарападобныя гнёзды будуе з імху, травы ў кронах дрэў, на кустах, у дуплах, зрэдку паміж каранямі, пад пнямі. Размнажаецца з мая да жніўня. Цяжарнасць каля 30 сут. Прыплод у чэрвені—ліпені. Нараджае 3—4 (часам да 7) голых сляпых дзіцянят.
Літаратура