Святы Мікалай — абраз, створаны ў 1751 годзе і выяўлены ў Маладзечне. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь[1].
Сюжэт
На беразе ракі стаіць Мікола ў светла-блакітным хітоне, ружовай епітрахілі, чырвоным на зялёнай падкладцы з пазалочанымі кветкамі сакасе, блакітным з пасярэбраным арнаментам амафоры і паліцы[2]. На шыі грыўня з крыжам. На галаве ружовая з арнаментам барочнай формы мітра. На руках блакітныя з пасярэбраным арнаментам поручы. Правай рукой благаслаўляе, левай падтрымлівае знізу закрытае Евангелле ў карычневым абкладзе з драбніцай і навугольнікамі[2]. На супрацьлеглым беразе ў зеляніне карычневыя базілікальныя цэрквы з чырвонымі купаламі, блакітныя горы, зялёныя ўзгоркі. Зверху на пазалочаным з раслінным арнаментам фоне, у ружова-блакітных воблаках Маці Боская з пакровам, благаслаўляючы Хрыстос у блакітным, ружовым, сінім адзенні з Евангеллем. Фон, німбы пазалочаныя, разьбяныя, арнаментаваныя[2].
Паходжанне
Абраз выяўлены 14-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1970 годзе на званіцы Пакроўскай царквы ў Маладзечне[2].
Ікона раскрыта рэстаўратарам Інстытута «Расрэстаўрацыя» А. С. Чапурным пад кіраўніцтвам С. В. Філатава ў 1979 годзе ў Маскве[2].
Рэстаўрацыя
Рэстаўрыраваны брыгадай рэстаўратараў Дзяржаўнага Рускага музея ў складзе І. В. Ярыгінай, С. І. Голубева, М. Г. Малкіна, А. Т. Дзеднянкова ў 1972—1975 гадах (Ленінград)[2].
Выстаўкі
- Тэмперны жывапіс Беларусі XV—XVIII стст. Мінск. 1988
- Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
- Мастацтва Міншчыны XVI—XVIII стст. Мінск. 1997
- Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. Мінск. 2000
- Іканапіс і разьба Беларусі XV—XVIII стст. Мінск. 2000
Зноскі