Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор з чацверыковайзваніцай, кароткая трапезная, кубападобны аб’ём малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма панавалі шацёр званіцы і 8-гранны светлавы барабан над цэнтральным аб’ёмам. Атынкаваныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, крапаваны вуглавымі паўкалонкамі, прамавугольнымі нішамі і круглымі разеткамі. Уваход вылучаны рызалітам і арачным парталам кілепадобнай формы, над якім круглая люкарна, па баках прамавугольныя нішы. Царква апяразана магутным карнізам на сухарыках і зубчастым фрызам.
Інтэр’ер
Унутры малітоўная зала перакрыта скляпеннем на ветразях, якое трымае светлавы барабан, трапезная і прыдзелы — цыліндрычнымі скляпеннямі, у апсідзе скляпенне-конха. Памяшканні злучаны шырокімі арачнымі прасветамі. Мае магутнае канструкцыйнае вырашэнне (таўшчыня сцен 1,5 м).
Літаратура
Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2007. — С. 259.