Сарданапал — міфічны, апошні цар асірыйскі, на якім закончылася панаваўшая на працягу амаль чатырнаццаці стагоддзяў асірыйская дынастыя цароў. Паводле легенды, ён у сваім жыцці вылучаўся схільнасцю да раскошы, любіў закрывацца ў сваім палацы і праводзіў час ва ўцехах. Гэты вобраз яго жыцця выкарысталі халдзейскі жрэц Беліс і мідзянін Арбак. Падняўшы паўстанне, яны закрылі Сарданапала ў Ніневіі і трымалі яго ў блакадзе на працягу двух гадоў. Тады Сарданапал, бачачы безвыходнасць свайго становішча, спаліў сябе ў палацы разам са сваімі жонкамі і багаццем. Гэта легендарнае апавяданне пра Сарданапала яшчэ ў старажытныя часы выклікала падазрэнне. У выніку гістарычных пошукаў аказалася, што апошнім асірыйскім царом быў Сінашкун (Сарак). Рысы характару гэтага цара і лёс яго былі перанесены на міфічнага Сарданапала, імя якога стала хадзячай назвай. Вобраз, пададзены ў легендзе, паслужыў асновай сюжэта аднайменнай трагедыі Д. Г. Байрана.[1]
Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 154—155. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.