Рыгор Сасна (30 красавіка 1939, в. Шарні пад Орляй — 6 студзеня 2016[2]) — гісторык царквы, беларусазнавец.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Афанасія і Марыі. Вучыўся ў пачатковых школах у Малінніках і Орлі. У 1953—1957 гадах вучыўся ў Беларускім ліцэі ў Бельску-Падляшскім. Вучыўся ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Калі быў студэнтам, у 1960 годзе ажаніўся з настаўніцай Антанінай Троц. У 1960 годзе высвечаны на святара Варшаўска-Бельскім епіскапам. Тытул прэсвітара атрымаў у варшаўскай царкве на Волі.[3]
Пачаў служыць у прыходзе Кальнікаў у Падкарпацкім ваяводстве. Зацікавіўся гісторыяй Царквы і яе вернікаў на гэтай тэрыторыі. Потым служыў у Кодні. Затым на працягу 20 гадоў служыў вікарным парафіі ў Сямятычах. У 1966 годзе абараніў магістарскую працу «Падстава, на якой фармавалася ідэя царкоўнай уніі ў Польшчы пад канец XVI стагоддзя». Пазней абараніў і доктарскую дысертацыю «Гісторыя праваслаўных прыходаў Беласточчыны ў межах сённяшняй Варшаўска-Бельскай епархіі». З 1987 года настаяцель царквы ў Рыбалах.[3]
Дзейнасць
Усе гады святарскай службы спалучаў з навукова-даследчыцкай працай. Даследаваў гісторыю праваслаўнай царквы на Падляшшы, збіраў бібліяграфію на гэтую тэму. Працаваў у архівах Падляшша, Мінска, Масквы, Пецярбурга, Лондана.[3]
Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя паасобных прыходаў, цяперашніх і колішніх — даследаваў мінулае больш за 100 прыходаў (некалькі дзясяткаў даследаванняў выраслі ў манаграфіі); дэмаграфічна-статыстычныя пытанні; даследаванні бібліяграфічнага характару.[3]
Аўтар 33 кніг па гісторыі Царквы і сотні артыкулаў. Між іншага, кніга «Święte miejsca i cudowne ikony» пра святыя месцы і цудоўныя іконы Беласточчыны, кніга пра былыя прыходы паміж Бугам і Бобрай, кніга пра лёс ікон, якія ў ліхалецці трапілі ў розныя куткі свету. Таксама ў сааўтарстве з Д. Фіёнікам выдаў манаграфіі праваслаўных прыходаў (Орлі, Бельска, Рыбалаў і Пасынак), у сааўтарстве з м. Антанінай — манаграфію прыхода ў Жэрчычах і Ласінцы.[3]
Сабраў багаты бібліяграфічны матэрыял, які пастаянна папаўняўся і сістэматычна публікаваўся. Удзельнічаў у рэдкалегіях навуковых часопісаў, з’яўляўся членам некалькіх навуковых таварыстваў.[3]
Прызнанне
- Узнагарода (разам з м. Антанінай) імя брата Альберта (Адама Хмялёўскага) за 2001 год за дасягненні ў галіне дакументавання гісторыі і дзейнасці Праваслаўнай царквы.[3]
- Афіцэрскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (2003) з рук шэфа Кабінета Прэзідэнта Рэспублікі Польшча за навукова-выдавецкую дзейнасць у галіне прадстаўлення гісторыі праваслаўных парафій і храмаў на Падляшшы (м. Антаніна Троц-Сасна атрымала Залаты крыж заслугі).[3]
- Крыж прэзідэнта Рэспублікі Польшча на 50-годдзе сужонства.[3]
Зноскі