Першы пісьмовы ўспамін пра Росіцу датуецца 1552 годам. У «Рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 года» Васіль і «братніч яго» Мікула Карцень «з Росіцаю» адказвалі за адну з гародзен на полацкім замку. У 1599 годзе канцлер вялікіЛеў Сапега набыў паселішча ў Давыда Росіцкага. Ён жа фундаваў тут царкву Святога Яна Хрысціцеля. У 1603 годзе ў Браслаўскім земскім судзе Леў Сапега заплаціў 1200 коп грошаў літоўскіх за росіцкі маёнтак Андрэю Міхайлавічу Карценю і яго жонцы Ганне Марцінаўне. У гэты час мясцовасць уваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. У 1753 годзе Росіца перайшла ў валоданне Лапацінскіх[2].
Расійская імперыя
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Росіца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Дрысенскім павецеВіцебскай губерні. У 1778 годзе тут пачалася будова невялікай драўлянай рымска-каталіцкай царквы, асвечанай у 1792 годзе. У 1807 годзе Барбара з Шадурскіх заснавала ў мястэчку шпіталь. У 1817 годзе Росіца перайшла да сына Тамаша Лапацінскага — Юзафа, пазней да яго ўнука Станіслава. У 1864 годзе расійскія ўлады збудавалі ў мястэчку царкву-мураўёўку. У 1906 годзе ў Росіцы пачалося будаўніцтва новай мураванай рымска-каталіцкай царквы, асвечанай 20 студзеня 1911 года.
У Вялікую Айчынную вайну вёска была акупіравана нямецкімі войскамі. Да вайны ў вёсцы быў 231 двор, жылі 943 чалавекі. Быў створаны ваенны гарнізон, які 18—19 жніўня 1942 года быў разгромлены партызанскім атрадам імя Пархоменкі[3]. 16—18 лютага 943 года ў Росіцы прайшла антысавецкая карная аперацыя «Зімовае чараўніцтва», у якой удзельнічалі 7 латвійскіх батальёнаў, 1 ўкраінская і 1 літоўская рота войск СС. Нягледзячы на тое, што дадзеныя нямецкай разведкі пазіцыянавалі Росіцу як апорны пункт савецкіх партызан, іх там не аказалася. Тым не менш 206 жыхароў вёскі былі знішчаныя аператыўнай групай Службы бяспекі: частка жыхароў была спалена ў дамах, вялікая група людзей была загнана ў стайню, якую потым падпалілі, некаторыя былі расстраляныя. Сярод забітых былі каталіцкія святары рымскага абраду айцы Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, адзін з якіх быў спалены з іншымі жыхарамі, а другі застрэлены за настойлівыя просьбы выратаваць дзяцей. Святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіян і прынялі разам з імі мучаніцкую смерць[4].
Масавыя забойствы пераважна праводзілі латышскія паліцэйскія батальён, якія былі накіраваныя ў Беларусь для правядзеня карнай аперацыі. Акрамя таго, што яны змагаліся з партызанамі-камуністамі, яны таксама займаліся знішчэннем мірнага насельніцтва — як прама (растрэлы і спаленне жыўцом), так і ўскосна (перадаючы захопленых мірных жыхароў атрадам СД).
Распараджэннем камандзіра адной з баявых груп прадпісвалася: «У выпадках адсутнасці ў непасрэднай блізкасці СД, расстрэлы неабходна праводзіць пры дапамозе войскаў, экзекуцыі павінны праходзіць у дамах. Трупы варта пакрываць саломай або сенам і там жа спальваць». У рапарце 278-га латышскага батальёна адзначаецца, што ўжо ў першы ж дзень аперацыі, 16 лютага, «прасоўваючыся праз вёску Лімоўку і далей, рота ліквідавала каля 100 бандытаў і бандыцкіх хаўруснікаў, спаліла паказаную вёску, бо ў гэты час СД дзейнічала ў іншым населеным пункце».
У Росіцы карнікі арганізавалі т. з. «зборны лагер», камандаванню якога былі дадзеныя латышскія паліцэйскія (імаверна, у тым ліку члены «каманды Арайса») для правядзення экзекуцый. У Росіцу прыганялі жыхароў суседніх вёсак для «другаснай фільтрацыі». Больш маладых і моцных людзей адправілі на станцыю Бігосава, дзе іх грузілі ў вагоны і везлі ў канцлагер Саласпілс і на працы ў Германію. Увогуле ў Росіцы былі знішчаныя 1528 людзей.
Зараз на месцы так званага «зборнага лагера» ўзведзены мемарыял[7] у памяць аб ахвярах трагедыі Росіцы.
Станам на 2015 год у Росіцы пражывала каля 200 чалавек. Большая частка жыхароў ― пажылыя людзі. У цэнтры вёскі стаіць каталіцкая царква рымскага абраду.
XIX стагоддзе: 1838 год — 512 чал. (254 муж. і 258 жан.), з іх духоўнага саслоўя каталіцкага 3 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчан-хрысціян 5 муж. і 7 жан., мяшчан-іўдзеяў 63 муж. і 69 жан., сялян памешчыцкіх 177 муж. і 176 жан., аднадворцаў 2 муж. і 2 жан., адстаўных салдат 2 муж. і 2 жан.[8]
XX стагоддзе: 1982 год — 460 чал.; 1999 год — 516 чал.
XXI стагоддзе: 2001 год — 495 чал.; 2009 год — 243 чал.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Расі́ца
↑Шымук, Б. Сар’янскае патрыятычнае падполле / Барыс Шымук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 231.
↑Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Витебской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
У. С. Богаў, А. Ф. Бубала і інш. (рэдкал.); А. Ф. Бубала. (уклад.). «Памяць. Верхнядзвінскі раён». Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раѐнаў Беларусі. кніга 1. — Мн.: «Паліграфафармленне», 1999. — 526 с.