Расціслаў (XII ст. — пасля 1228) — князь пінскі (зг. 1228).
Біяграфія
Пэўны радавод Ізяславічаў Тураўскіх канчаецца сынамі тураўскага князя Юрыя Яраславіча, але дынастыя працягвалася, летапісы згадваюць некалькіх князёў, якія імаверна належалі да яе. У ліку іх і Расціслаў, але паходжанне яго пэўна не вядома.
Згадваецца аднойчы як князь пінскі толькі пад імем у Галіцка-Валынскім летапісе пад 1228 годам і паводле Іпацьеўскага спісу, і паводле ўдакладнення Грушэўскага.
У канцы 1224 або 1225 годзе памёр луцкі князь Мсціслаў Нямы, ён супраць звычая перадаў свае ўладанні сыну Івану, а апеку над ім князю Даніле Раманавічу. У 1227 годзе Іван памірае і ўладанні займаюць спадкаемцы, Луцк — Яраслаў Інгваравіч (старэйшы пляменнік Мсціслава Нямога), а Чартарыйск — «піняне». Аднак, князь Даніла лічыў, што ўладанні мусяць перайсці яму як апекуну Івана, так ён разумеў волю Мсціслава Нямога. Якія правы былі ў «пінян» не ясна. У канцы 1227 года Даніла схапіў Яраслава Інгваравіча і забраў Луцк, а ў канцы сакавіка 1228 года, на Вялікадзень, падышоў з войскамі да Чартарыйска, неўзабаве ўзяў яго прыступам і захапіў у палон «іх (пінян) князя». Пінскі князь Расціслаў едзе да вялікага князя кіеўскага скардзіцца на Даніла, паводле галіцкага летапісца, Расціслаў «клевятаў, былі бо дзеці яго схоплены». Даследчыкі з гэтага робяць выснову, што схоплены ў Чартарыйску «іх (пінян) князь» быў сынам Расціслава, а як дзяці названы ў множным ліку, то сыноў было прынамсі двое. Болей пінскі князь Расціслаў не згадваецца. Аднак, вялікі князь кіеўскі стварае кааліцыю, у складзе якой супраць Данілы ваююць «куране, піняне, наўгародцы і тураўцы», дамагчыся яны нічога не здолелі, але неўзабаве Даніла з імі замірыўся.
Імёны «дзяцей» Расціслава не вядомы.
На думку Уладзіміра Пашуты, сынамі Расціслава маглі быць пінскі князь Уладзімір, які згадваецца Галіцкага-Валынскім летапісам пад 1229 годам, калі бараніў Берасце па даручэнні галіцка-валынскіх князёў, і пінскі князь Міхаіл, які згадваецца Галіцка-Валынскім летапісам пад 1247 годам. Аднак, думка грунтуецца толькі на храналогіі і тытулатуры.
Зноскі
Літаратура
- Грушевський М. Хронологія подій Галицько-Волинського літопису // Записки Наукового товариства ім. Шевченка. — Львів: 1901. — Т. 41. — С. 1—72.
- Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
|
---|
курсівам — гістарычнасць няпэўная; правей пункціру — імаверна належаць да дынастыі, але сувязь з ранейшымі пакаленнямі не ясная. |
|
|